Упершыню ў гісторыі ЗША ва ўсіх штатах і сталічнай акрузе абвешчаны рэжым «буйнога бедзтва» (major disaster). Такі ж рэжым уведзены ў Пуэрта-Рыка, Гуаме і іншых тэрыторыях ЗША — ва ўсіх акрамя Амэрыканскага Самоа.
На раніцу 12 красавіка ў сьвеце зафіксавалі каля 1,78 мільёна выпадкаў COVID-19: 533 тысячы ў ЗША, 163 тысячы ў Гішпаніі, 152 тысячы ў Італіі, 130 тысяч у Францыі, 125 тысяч ў Нямеччыне, 83 тысячы ў Кітаі, каля 79 тысяч у Вялікай Брытаніі, 70 тысяч у Іране, 52 тысячы ў Турэччыне.
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 108 838 чалавек. Зь іх 20 580 у ЗША, 19 468 у Італіі, 16 606 у Гішпаніі, 13 832 у Францыі, 9875 у Вялікай Брытаніі, 4357 у Іране, 3343 у Кітаі.
Выпісалі 404,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,27 млн, зь іх 50,5 тысячы ў цяжкім стане.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 11 красавіка, пацьверджаны 2226 выпадкаў COVID-19, памерлі 23 чалавекі, выпісаныя здаровымі 172 пацыенты, за суткі выяўленыя 245 новых выпадкаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
У Злучаных Штатах колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 20 тысяч 11 красавіка — ЗША абагналі ў гэтым паказьніку Італію і выйшлі на першае месца ў сьвеце. Пры тым колькасьць інфікаваных і памерлых у ЗША пастаянна расьце, але колькасьць штодзённых новых выпадкаў стабілізавалася на ўзроўні 30–34 тысячаў, колькасьць штодзённых сьмерцяў ад каранавірусу — на ўзроўні каля 2 тысячаў.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 11 красавіка зацьвердзіў дэклярацыю «буйнога бедзтва» для штату Ваёмінг — як адзначае CNBC, упершыню ў гісторыі ЗША ўсе штаты атрымалі такія дэклярацыі. Яны дазваляюць уладам штатаў атрымаць сродкі фэдэральнага ўраду на барацьбу з інфэкцыяй.
Таксама Трамп зацьвердзіў фінансаваньне цэлага комплексу захадаў для дапамогі Італіі, якая цяпер на трэцім месцы ў колькасьці інфікаваных і на другім паводле памерлых. Як піша «Голас Амэрыкі», падтрымка будзе аказаная ў тым ліку міжнародным і грамадзкім арганізацыям, многія з якіх ужо аказваюць дапамогу італьянцам, а вайскоўцы з ЗША дапамогуць італьянцам разгортваць палявыя шпіталі. Дзяржаўны сакратар Майк Пампэо адзначыў, што комплекс захадаў ня толькі дапаможа італьянскаму народу і аднаўленьню італьянскай эканомікі, але і падтрымае сусьветныя гандлёвыя і лягістычныя ланцугі.
У буйных эўрапейскіх краінах, як то Гішпаніі, Італіі, Францыі, Нямеччыне і Вялікай Брытаніі, распаўсюд каранавірусу працягваецца, але ўжо не паскоранымі тэмпамі — ува ўсіх іх колькасьць новых выпадкаў і сьмерцяў на дзень стабілізавалася, а ў Нямеччыне колькасьць «актыўных выпадкаў» нават пачынала спадаць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.