Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 10 чалавек у самаізаляцыі пасьля кантакту з галоўным доктарам «Нафтану», у якога каранавірус


Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку
Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

У гатэлі «Нафтан» цяпер жывуць мэдыкі. Гэта зроблена, каб ня ставіць пад небясьпеку заражэньня каранавірусам іхныя сем’і.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

8 красавіка на паседжаньні апэратыўнага штабу ў Наваполацку прынята рашэньне кожны дзень інфармаваць насельніцтва пра сытуацыю з каранавірусам, паведаміў Свабодзе першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Сямёнычаў. Гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі кажа, што інфармацыя зьявіцца толькі ў пятніцу.

Галоўны лекар гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Аляксандар Сьпіркоў адмовіўся паведаміць, колькі ў Наваполацку інфікаваных і ізаляваных, накіраваўшы Свабоду па інфармацыю ў Міністэрства аховы здароўя.

Начальнік аддзелу эпідэміялёгіі Натальля Пірог адказала, што інфармацыю падрыхтуюць толькі ў пятніцу.

Пакуль афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць толькі адзін выпадак каранавірусу ў горадзе.

«Галоўны лекар заводзкай паліклінікі „Нафтану“ Сяргей Чубрык мае станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Ён ізаляваны», — паведамляе газэта «Вестник Нафтана».

Колькасьць ізаляваных, якія мелі кантакты з галоўным лекарам паліклінікі, не паведамляецца. Аднак вядома, што, акрамя кантактаў па працы, Сяргей Чубрык браў удзел у «прамой лініі» аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці гораду. Пасьля гэтай «прамой лініі» самаізаляваўся старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў як кантакт першага ўзроўню.

Старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў зьяўляецца дэпутатам Савету Рэспублікі. Ягоны памочнік Аляксей Станевіч пацьвердзіў Свабодзе, што Дзямідаў знаходзіцца ў самаізаляцыі.

«Таксама 7 красавіка ён напісаў заяву старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, што ня зможа ўдзельнічаць у сэсіі 16 красавіка. Першы тэст на каранвірус у Дзямідава адмоўны, ён будзе здаваць яшчэ два», — паведаміў Аляксей Станевіч.

Першы намесьнік старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Сяргей Сямёнычаў таксама пацьвердзіў, што з кіраўніцтва на самаізаляцыі знаходзіцца толькі Дзямідаў, паколькі ён быў кантактам «першага ўзроўню» з заражаным каранавірусам галоўным лекарам паліклінікі Сяргеем Чубрыкам. Усе астатнія на працоўных месцах.

Хто яшчэ быў на той нарадзе разам зь Дзямідавым і Чубрыкам, Сямёнычаў не сказаў.

«Я ня быў на той „прамой лініі“, ня ведаю. Але там было ня больш за 10 чалавек, і ўсе яны таксама на самаізаляцыі», — кажа першы намесьнік старшыні гарвыканкаму.

Не пагадзіўся Сямёнычаў і з інфармацыяй, якая зьявілася ў сацыяльных сетках, пра тое, што гатэль «Нафтан» пераабсталяваны пад шпіталь.

«У гатэлі «Нафтану зараз пражываюць мэдыкі. Мы проста ізалявалі ад сем’яў лекараў, мэдсёстраў, якія працуюць з захварэлымі і кантактнымі людзьмі. У гатэлі яны проста часова жывуць, каб не падстаўляць небясьпецы сваякоў, дзяцей», — расказаў першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Сямёнычаў.

На пытаньне Свабоды, чаму гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі не выконвае рашэньне апэратыўнага штабу аб інфармаваньні насельніцтва пра сытуацыю з каранавірусам, Сяргей Сямёнычаў не адказаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG