Прадстаўнікі Расеі і Катару абверглі новыя абвінавачаньні ў выплаце мільёнаў даляраў хабараў за права правядзеньня футбольных чэмпіянатаў сьвету 2018 і 2022 гадоў.
Паводле новага абвінаваўчага заключэньня Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў, службовыя асобы FIFA атрымалі хабары, каб прагаласаваць за правядзеньне турніру ў 2018 годзе ў Расеі і турніру 2022 году ў Катары.
Расьсьледаваньні і чуткі доўга атачалі гэтую справу, але абвінаваўчае заключэньне, апублікаванае 6 красавіка, дадало новыя прамыя афіцыйныя абвінавачаньні, якія тычацца абодвух чэмпіянатаў.
Катар заявіў, што «катэгарычна абвяргае абвінавачаньні, якія зьмяшчаюцца ў судовых дакумэнтах».
«Расея мае законнае права правесьці чэмпіянат сьвету», — заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.
Аляксей Сарокін, выканаўчы дырэктар Арганізацыйнага камітэту Расеі 2018 году, заявіў «Інтэрфаксу», што абвінавачаньне было «толькі думкай юрыстаў», і ягоны камітэт «неаднаразова казаў, што наша заяўка была празрыстай».
6 красавіка Фэдэральная пракуратура ЗША ўпершыню абвінаваціла былых футбольных чыноўнікаў шэрагу краін у атрыманьні хабару з Расеі і Катара. Гэтыя краіны дамагаліся і выйгралі права на правядзеньне сусьветных першынстваў 2018 і 2022 гадоў.
Пазоў зьвязаны з шырокамаштабным карупцыйным скандалам 2015 году, які прывёў у замяшаньне кіроўны орган FIFA.