Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. Заразіліся амаль 1,3 мільёна, чвэрць зь іх у ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На раніцу 6 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,274 мільёна выпадкаў COVID-19: амаль 337 тысяч у ЗША, звыш 131 тысячы ў Гішпаніі, 129 тысяч у Італіі, 100 тысяч у Нямеччыне, 93 тысячы ў Францыі, звыш 82 тысяч у Кітаі, 58 тысяч у Іране, амаль 48 тысяч у Вялікай Брытаніі, 27 тысяч у Турэччыне, 21 тысячу ў Швайцарыі.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 69 471 чалавек. Зь іх 15 887 у Італіі, 12 641 у Гішпаніі, 9618 у ЗША, 8078 у Францыі, 4934 у Вялікай Брытаніі, 3603 у Іране, 3335 у Кітаі.

Выпісалі амаль 265 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 939 тысяч, зь іх каля 46 тысяч у цяжкім стане.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на раніцу 5 красавіка, выяўлены 562 выпадкі COVID-19, памерла 8 чалавек. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.

У Злучаных Штатах найбольш пацярпеў ад новага каранавірусу штат Нью-Ёрк, дзе заразіліся 123 тысячы чалавек і памерлі 4159. Але ў нядзелю ў штаце паведамілі пра зьніжэньне колькасьці шпіталізацыяў і скарачэньне колькасьці пацыентаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Губэрнатар штату дапускае, што штат падыходзіць да піку, за якім пасьледуе «плято» — этап, на якім колькасьць выпадкаў не расьце.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у суботу папярэдзіў амэрыканцаў, што неўзабаве ім давядзецца перажыць два самыя цяжкія тыдні эпідэміі, а краіну чакае яшчэ мноства сьмерцяў.

Гішпанія, якая выйшла на другое пасьля ЗША месца паводле колькасьці інфікаваных і другое пасьля Італіі паводле колькасьці сьмерцяў, працягнула агульнанацыянальны карантын яшчэ на 15 дзён, да 26 красавіка. Прэм’ер краіны адзначыў, што за мінулы тыдзень тэмпы распаўсюду вірусу зьнізіліся, сьмяротнасьць спадае — маўляў, «бачнае сьвятло ў канцы тунэлю. Таксама колькасьць новых выпадкаў і новых сьмерцяў на дзень зьніжаецца ў Італіі, якая застаецца на першым месцы паводле агульнай колькасьці памерлых.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG