Беларускія ўлады ня ўводзілі карантыну — людзям даводзіцца езьдзіць на працу і вучобу ў звыклым рэжыме. І калі ў сталіцы можна сплянаваць паездку на адносна частых і прасторных сродках транспарту, то ў рэгіёнах і інтэрвалы радзейшыя, і альтэрнатывы цесным маршруткам можа ня быць.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь можа ня выстаяць, калі эканоміка спыніцца на прыклад суседніх краінаў. Таму ён «хвалюецца», каб «людзі жылі сваім жыцьцём».
2 красавіка фотакарэспандэнты Свабоды паназіралі за грамадзкім транспартам у гадзіну пік у Менску і ў чатырох абласных цэнтрах. Вось што яны пабачылі.
Віцебск
Кандуктарка ў тралейбусе сказала, што цяпер езьдзіць хіба траціна пасажыраў. І з гэтага тыдня, паводле яе слоў, скарачаюць колькасьць рэйсаў.
Гомель
Нават у гадзіну пік у цэнтры Гомля людзей на прыпынках стала значна менш. Салёны транспарту паўпустыя. Пачалі зьяўляцца людзі ў масках, але пакуль іх адзінкі. Паводле таксістаў, апошнім часам у іх стала нашмат менш кліентаў — практычна цэлымі днямі сядзяць бяз працы. Тлумачаць для сябе гэта тым, што ў людзей стала менш грошай.
Горадня
Людзей у гадзіну пік у транспарце паменела. У масках мала хто, у пальчатках зусім не відаць.
Магілёў
Аўтобусы для гадзіны пік амаль што парожнія. Людзі па магчымасьці ідуць дахаты пешшу. Разам з тым, цэнтральная пешаходная вуліца амаль пустая.
Менск
У Менску ўсё болей людзей у грамадзкім транспарце надзяваюць маскі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ