Заўзятары 9 беларускіх футбольных клюбаў — «Нёман», «Шахтар», БАТЭ, «Белшына», менскага і берасьцейскага «Дынама», «Віцебск», «Тарпеда-БелАЗ», «Слуцак» — падтрымалі акцыю самаізаляцыі і ня будуць актыўна падтрымліваць свае каманды з прычыны пандэміі каранавірусу, паведамляе спартовы сайт Tribuna.com.
Усяго ў найвышэйшай футбольнай лізе 16 каманд.
«Тут не працуе прынцып „За Тарпеда нават у пекла!“, бо пад удар мы можам паставіць ня толькі сваё здароўе і жыцьцё, але і ў першую чаргу здароўе і жыцьцё сваіх блізкіх, калег па працы і паплечнікаў.
Хочам заявіць гэтак жа, што не жыватворчы трактар, ня 100 грамаў гарэлкі не дапамогуць у такой сытуацыі, таму настойліва рэкамэндуем ўстрымацца ад наведваньня спартова-масавых мерапрыемстваў, піцейных і забаўляльных установаў, іншых спартовых і забаўляльных пляцовак (спартзаляў, дыскаклюбаў і да т. п.), а таксама мінімізаваць паходы ў крамы, аптэкі, банкі. Не забывайма пра сродкі індывідуальнай абароны», — гаворыцца ў заяве заўзятараў жодзінскага «Тарпэда» аб прыпыненьні на няпэўны пэрыяд актыўнай падтрымкі каманды.
Чэмпіянат Беларусі ў футболе — адзіны ў Эўропе, які не спынілі, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу. Гуляюць таксама ў Нікарагуа. Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў заявіў 31 сакавіка, што калі будзе крытычная сытуацыя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, то чэмпіянат будзе пастаўлены на паўзу, але пакуль «ніякай крытычнай сытуацыі няма».
1 красавіка фанаты «Шахтара» і «Нёману» заявілі пра намер байкатаваць футбольны чэмпіянат праз каранавірус.