Маноліс Глезас, грэцкі патрыёт, чый акт супраць нямецка-фашысцкай акупацыі падчас Другой сусьветнай вайны быў сымбалем супраціву краіны, памёр у панядзелак. Яму было 97 гадоў.
Глезас, шанаваны ўсімі палітычнымі сіламі Грэцыі, праславіўся тым, што ў 1941 годзе разам са сваім сябрам узьлез на стромкія сьцены Акропаля, каб зьняць сьцяг са свастыкай і замяніць яго сьцягам Грэцыі.
Гэта быў першы адкрыты акт супраціву нацыстам, якія акупавалі Грэцыю ў пэрыяд з 1941 па 1944 гады. Ён быў завочна асуджаны на расстрэл.
Глезас памёр ад сардэчнай недастатковасьці ў цэнтральным шпіталі Атэнаў, куды яго прынялі 18 сакавіка.
Грэцкі прэм’ер-міністар Кірыякас Міцатакіс ушанаваў памяць Глезаса, назваўшы яго «львіным сэрцам» і «самым мілым чалавекам».
«Сьмерць Маноліса Глезаса зьбядніла грэкаў, але спадчына яго жыцьця ўзбагачае Грэцыю», — сказаў ён у заяве.
«Яго прыклад сапраўднага патрыёта і змагара — гэта арыенцір для ўсіх нас. І гэта дае нам сілы аб’яднацца, каб пераадолець цяжкасьці, накшталт тых, якія мы сёньня перажываем », - сказаў Міцатакіс, маючы на ўвазе пра крызіс каранавірусу.
З грывай белых валасоў і густымі вусамі Глезас быў пазнавальнай постацьцю левай палітыкі.
Ва ўзросьце 91 гада, у 2014 годзе, ён стаў дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту ад левай партыі «Сірыза», якая прыйшла да ўлады ў 2015 годзе. Праз год ён падаў у адстаўку.