Адкрыцьцё летніх Алімпійскіх гульняў у Токіё адбудзецца 23 ліпеня 2021 года, а Паралімпійскія гульні пачнуцца 24 жніўня. Адпаведныя даты ў панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Токіё афіцыйна абвясьціў кіраўнік аргкамітэта «Токіё-2020» Ёсіра Моры.
Завершацца Алімпійскія гульні 8 жніўня, а Паралімпійскія — 5 верасьня.
Па словах Моры, дамоўленасьць аб гэтым была дасягнутая па выніках тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томасам Бахам.
«Пры вызначэньні новых датаў мы зыходзілі з шэрагу момантаў, якія тычацца падрыхтоўкі спартоўцаў, зручнасьці валянтэраў і гледачоў», — сказаў Моры.
МАК вельмі доўга не згаджаўся на перанос Алімпіяды-2020 шмат у чым праз нежаданьне несьці велізарныя фінансавыя страты. Самы вялікі ўрон нанесены Японіі — краіна, па самых сьціплых падліках ужо выдаткавала на падрыхтоўку звыш $ 12 млрд. Згодна з ацэнак экспэртаў, перанос Гульняў можа абысьціся рэклямадаўцам больш чым у $ 1 млрд.