Супрацоўніца Клімавіцкай ДЮСШ Іна Кардабнёва, якая абуральна выказалася пра беларускую мову, сказала карэспандэнту Свабоды, што раскайваецца ў сваіх «грубаватых» словах.
Іна Кардабнёва заявіла ў сваім відэаблогу, што беларуская мова, «жудасная і блытаная», «робіць беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі».
«Я раскайваюся толькі ў тым, што я ўжыла словы ня вельмі прыгожыя, скажам так. Гледачы ўспрынялі гэта ў штыкі толькі з прычыны такіх грубых словаў і зразумелі гэта іначай, чым я хацела данесьці. А нехта зразумеў і так, як я хацела гэта данесьці. Таму так, словы я падабрала, вядома, грубаватыя».
Пасьля публікацыі відэа Іну Кардабнёву выклікалі ў райвыканкам да кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і справаў моладзі Вікторыі Пракоф’евай.
«Праводзілі гутарку, і гэта відаць яшчэ працягнецца. Я сама не чакала такога рэзанансу. Гаворка ішла пра тое, што я ня мела рацыі і зрабіла непрыгожа».
Іна Кардабнёва не выключае, што яна будзе пакараная, але як — «гэта пакуль ня вырашана».
«Сэнс не мяняецца»
Як паставілася кіраўніцтва школы да яе выказваньняў?
«Усе, хто размаўляў са мной сам-насам, усе былі абсалютна на маім баку і цудоўна разумелі, пра што я кажу. Яны ня бачылі ніякага злачынства ў тым, што я зрабіла. Тут жа ня справа ў словах, якія я казала, а ў сэнсе. Я магу папрасіць прабачэньня толькі за словы, якія я казала. Нават, хутчэй за ўсё, мне самой проста непрыемна, што я казала гэтыя словы. Але сэнс не мяняецца. Ну, выказаўся чалавек і ўсё».
Іна Кардабнёва кажа, што сэнс яе відэа быў такі — навошта патрэбная беларуская мова, калі «мы на ёй не размаўляем, яна нідзе не выкарыстоўваецца, дакумэнты на ёй не запаўняюцца».
«Уперамежку з расейскай мовай яна перашкаджае вывучыць і беларускую, і расейскую мовы. Атрымліваецца, мы гаворым ні на беларускай, ні на расейскай. Я гэта тлумачу і адказваю за сваё месца, дзе я знаходжуся і жыву. Культура, гісторыя, герб, гімн, сьцяг, краіна, радзіма — гэта ўсё зусім не адносіцца да таго, што я хацела сказаць. Я вылучыла толькі беларускую мову. Размова была пра яе, а не пра ўсё астатняе. Маё было бачаньне гэты прадмет зрабіць агульнаразьвівальным, а не паглыбленым».
Паводле Іны Кардабнёвай, яна ня чуе беларускай мовы, наведваючы «самыя ідэалягічныя месцы: музэі, нарады, бібліятэкі, рэдакцыі».
«Мову трэба прапагандаваць, а не абзываць мяне ў камэнтарах, што я ня мела рацыі. І як сёньня мне рабілі заўвагу тыя, хто мяне выклікаў, што я ня мела рацыі, што я абразіла ўвесь народ, усю нацыю і наагул, відаць, падлягаю спаленьню на вогнішчы. Але чаму яны на ёй не гавораць, мне таксама ніхто не патлумачыў».