Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане арыштавалі нерухомасьць сям'і Назарбаева на 100 млн даляраў


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Улады Вялікай Брытаніі арыштавалі нерухомасьць у Лёндане, якая належыць сваякам першага прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, паведамляе ВВС.

«Асабняк з добрай аховай, падземным басэйнам і кінатэатрам на адной з самых дарагіх вуліц краіны Бішапс-авэню, дом у прэстыжным раёне Хайгейт і вялікая кватэра ў Чэлсі былі арыштаваныя на патрабаваньне брытанскіх праваахоўных органаў вясной мінулага году», — піша выданьне.

Сядзіба на Бішапс-авэню
Сядзіба на Бішапс-авэню

Суд раскрыў імёны ўласьнікаў толькі цяпер. Імі аказаліся дачка Нурсултана Назарбаева, сьпікер сэнату Казахстана Дарыга Назарбаева, а таксама яе старэйшы сын Нуралі Аліеў і ягоная жонка Аіда. Яны купілі нерухомасьць на суму больш як $ 100 млн і аформілі яе на тры афшоры. Цяпер цана можа быць нашмат вышэйшай, адзначае выданьне.

Паводле зьвестак Нацыянальнага агенцтва барацьбы з злачыннасьцю, нерухомасьць маглі купіць на злачынныя даходы Рахата Аліева, былога мужа Дарыгі Назарбаевай і бацькі Нуралі Аліева. Адвакат уласьнікаў заявіў, што Дарыга Назарбаева і Рахат Аліеў разьвяліся ў 2007 годзе, таму той ня можа быць зьвязаны зь нерухомасьцю, набытай у 2008-м.

Нерухомасьць арыштавалі паводле закону «Аб даходах нявызначанага паходжаньня». Цяпер дачка і ўнук Назарбаева павінны даказаць, адкуль у іх зьявіліся грошы на куплю нерухомасьці. У выпадку, калі ім гэтага ня ўдасца, дамы і кватэру прададуць на аўкцыёне.

У лютым 2020 году палітычнага прыстанішча ў Вялікай Брытаніі папрасіў унук першага прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева Айсултан Назарбаеў, які цяпер жыве ў Лёндане. Ён абвінаваціў улады Казахстана ў «высокамаштабнай» карупцыі і сказаў, што расчараваўся ў дзеду. «Я апынуўся ў цэнтры гэтай прагнасьці і ненаеднасьці маёй сям'і, у прыватнасьці маёй маці», — падкрэсьліў Айсултан Назарбаеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG