Новую кнігу зь «Біблятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя» пра журналіста, рэдактара і палітыка Ігара Герменчука «Спадар Свабода» прэзэнтавалі на фэсьце «Прадмова» o Горадні. Фэст прайшоў 7 сакавіка ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця».
Аўтар біяграфічнага раману — журналіст і пісьменьнік Сяргей Астраўцоў, які быў калегам і сябрам Герменчука. Праца над кнігай ішла 5 гадоў.
«Прыгадваючы, каго няма сярод нас, і задаючы сабе пытаньне, каго Беларусі не хапае, я кажу сабе і іншым: „Нам моцна, вельмі моцна не хапае Ігара Герменчука“, — адзначыў падчас прэзэнтацыі культуроляг Сяргей Харэўскі.
«Гермянчук быў шчырым беларусам. Жыцьцё яго загартавала. Ён быў цягавіты. Гэта чалавек, які сам сябе рабіў, сам сябе ствараў з маладых гадоў... Ён не хацеў пісаць пра сацыялістычнае спаборніцтва: „Я ня буду пісаць пра надоі, пра бітвы за ўраджай“. Ён быў вельмі сьмелым чалавекам у парлямэнце. Пазьняк успамінае, што ён вельмі пісьменна выступаў, запальна. Заўсёды добра рыхтаваўся. Калі рыхтаваў выступ, потым яго правіў, як звычайны артыкул у газэту. Лявон Баршчэўскі чуў, як Гермянчук казаў, што ён не баіцца, калі яго заб’юць за ягоныя журналісцкія расьсьледаваньні“. Такія словы ня кожны дзень кажуць і на вецер ня кідаюць», — расказаў сваё ўражаньне пра Герменчука аўтар ягонай біяграфіі.
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра сучаснага беларуса, якога параўноўваюць з Кастусём Каліноўскім. Герой кнігі Ігар Гермянчук (1961–2002) — журналіст, рэдактар, палітык. Гісторыя беларускай незалежнай прэсы — гэта шлях ад «Мужыцкай праўды» Каліноўскага да газэты «Свабода», якой прысьвяціў сябе Гермянчук. Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў назваў яго самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты. Гермянчук рэдагаваў «Свабоду» з 1991 да 1997 году, калі суд закрыў яе.
Як распавёў Свабодзе Сяргей Астраўцоў, кніга напісаная ў жанры біяграфічнага раману і чытаецца як дэтэктыў. Яна зьявілася, дзякуючы шматлікім успамінам пра Герменчука ягоных сяброў і калегаў.
Чаму і як закрылі «Свабоду», як яна стала выходзіць зь іншай назвай, чаму і як самога рэдактара звольнілі з фармулёўкай «за непрафэсіяналізм»? Пра гэта — у кнізе.
На думку Астраўцова, Ігар Гермянчук — забыты беларускі герой, які жыў у наш час.
«Моладзь пра яго ня ведае, а старэйшае пакаленьне таксама сыходзіць. Скарына, Каліноўскі — цяперашняй Беларусі не патрэбныя, яны былі патрэбныя ў рыцарскай Беларусі, якой яна была або станавілася на пачатку 1990-х гадоў, і за якую змагаўся Ігар Гермянчук у парлямэнце і газэце „Свабода“», — адзначыў Сяргей Астраўцоў.
На імпрэзе ўзгадалі, якім чалавекам быў Ігар Гермянчук.
«Ён быў, як пацанёнак, сьмяшлівы, рабіў сьмех зь нічога і сьмяяўся да сьлёз. Ён быў вельмі запальчывым чалавека, мог быць вельмі рэзкім», — казаў Сяргей Харэўскі.
Кім мог бы сёньня быць Гермянчук? Ён быў дэпутатам і хацеў трапіць у парлямэнт на другі тэрмін.
«У яго былі прэзыдэнцкія амбіцыі... Ён мог бы стаць накшталт Адама Міхніка ў Варшаве мэдыя-магнатам. Алег Трусаў параўнаў яго з Каліноўскім», — распавёў Астраўцоў.
«Яго біяграфія чытаецца як франтавы раман, таму што вайна за Беларусь — заўсёды вайна за свабоду. Хоць гэтая вайна ня скончаная, ён перамог», — напісаў у прадмове да кнігі бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук.
Аўтар кнігі гарадзенец Сяргей Астраўцоў супрацоўнічае з Радыё Свабода з 1993 году. Піша апавяданьні і аповесьці, выдаў каля дзесяці кніг, прозу падпісвае як Сяргей Астравец.