Недасканалае валоданьне перапісчыкамі беларускай мовай не магло істотна паўплываць на вынікі перапісу насельніцтва 2019 году. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева.
Перапіс насельніцтва праходзіў у Беларусі з 4 па 30 кастрычніка 2019 году.
Карэспандэнтка Радыё Свабода спытала, ці магло паўплываць на вынікі перапісу тое, што перапісчыкі часам не адказвалі па-беларуску, ня ведалі, дзе ў планшэтах беларуская мова, не задавалі пытаньняў пра мову.
«Калі былі пытаньні па беларускай мове — людзі зьвярталіся і на прамую лінію, і да нас — мы стараліся іх вырашаць. Неабыякавыя грамадзяне, якія не прайшлі перапіс, тэлефануюць нам і дагэтуль», — расказала Іна Мядзьведзева.
Кіраўніца Белстату дадала, што «навучыць усіх перапісчыкаў беларускай мове мы не маглі, пагатоў у нас дзьвюхмоўе».
Яна прызнала, што былі выпадкі, калі людзі адмовіліся перапісвацца, бо перапісчык не валодаў беларускай мовай. Але, на думку кіраўніцы Белстату, такая пазыцыя была «ня ў многіх людзей», а большасьць ставілася да гэтага «з разуменьнем». Адпаведна гэта не магло «істотна паўплываць» на вынікі перапісу.
Па словах Мядзьведзевай, колькасьць беларускамоўных па выніках перапісу-2019 можа быць значна большай, чым па выніках перапісу 2009 году. Канкрэтныя ж лічбы Белстат агучыць увосень.
З гісторыі беларускіх перапісаў
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі ладзяцца раз на 10 гадоў.
Апошні перапіс праводзіўся ў кастрычніку 2009 году. Згодна зь яго вынікамі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).
Тады беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі ўсяго 23%. У часе папярэдняга перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.