Улады Кітаю тым часам паведамляюць пра падзеньне тэмпаў распаўсюду новага каранавірусу.
Як піша Reuters, 20 лютага кітайскія ўлады заявілі пра істотнае падзеньне колькасьці новых хворых на COVID-19. Пры тым навукоўцы засьцерагаюць, што ўзбуджальнік хваробы можа распаўсюджвацца лягчэй, чым лічылася раней.
У Кітаі за 19 лютага зафіксавалі 394 новыя выпадкі інфэкцыі, 114 сьмерцяў ад COVID-19. За той жа дзень 1779 пацыентаў, якія мелі каранавірус, выпісалі здаровымі.
Агулам у сьвеце цяпер 75 728 пацьверджаных выпадкаў COVID-19 (зь іх 74,6 тысячы ў Кітаі), ад хваробы памерлі 2128 чалавек (2120 у Кітаі), паправіліся 16 465 чалавек.
Выгнаньне трох журналістаў з Кітаю
Кітайскія ўлады забралі акрэдытацыі ў трох журналістаў The Wall Street Journal і загадалі ім пакінуць краіну за загаловак аб тым, што Кітай — гэта «сапраўдны хворы ў Азіі».
Артыкул пад такім загалоўкам тычыўся фінансавых рынкаў Кітаю. Выданьне адзначае, што гэта першае ў постмааісцкую эру выгнаньне з Кітаю адразу некалькіх журналістаў аднаго выданьня.
Памерлі два пасажыры Diamond Princess
Два чалавекі з круізнага ляйнэру Diamond Princess, які стаяў на карантыне ля берагоў Японіі, памерлі ад наступстваў COVID-19, паведамляе NHK. Памерлым, мужчыну і жанчыне, было за 80 гадоў.
Пасажыраў ляйнэра 19 лютага пачалі адпускаць на сушу. Вірус выявілі ў 621 пасажыра, усяго на борце было каля 3700 чалавек.
Дзьве сьмерці ў Іране
Зафіксавалі першыя дзьве сьмерці ад COVID-19 на Блізкім Усходзе: паводле Al Jazeera, памерлыя — два чалавекі сталага веку з гораду Кум, што на поўдні ад Тэгерану. У абодвух ад каранавірусу пачалася вострая інфэкцыя лёгкіх.
Іншых дэталяў пра памерлых не паведамляюць — невядомы дакладны ўзрост і тое, як да іх трапіў вірус.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.