Незалежная выбарчая камісія Аўганістана абвясьціла фінальныя афіцыйныя вынікі выбараў прэзыдэнта, якія адбыліся 28 верасьня. Дзеючы прэзыдэнт Ашраф Гані пераабраны на другі пяцігадовы тэрмін з вынікам 50,64%.
Прэм’ер Абдула Абдула заняў другое месца і атрымаў 39,52%.
Па дадзеных выбарчай камісіі, у галасаваньні прынялі ўдзел 1,8 мільёна выбаршчыкаў з 9. 28 верасьня ў Аўганістане адбыліся выбары прэзыдэнта. Ім папярэднічалі напады экстрэмісцкай групоўкі «Талібан». З таго моманту абвяшчэньне вынікаў адкладалі.
Абвяшчэньню вынікаў перашкаджалі шырокія абвінавачваньні ў парушэньні нормаў падчас галасаваньня, тэхнічных праблемах пры перамяшчэньні бюлетэняў і дадзеных з сыстэмы біямэтрычнай праверкі выбаршчыкаў.