«Прававая ініцыятыва» апублікавала зварот праваабарончых арганізацый, у якім яны запатрабавалі неадкладнага перагляду прысуду анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Комару.
12 лютага суд Савецкага раёну Менска асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на 7 гадоў пазбаўленьня волі кожнага за «псаваньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам (ч. 1 арт. 14 ч. 2 артыкулу 218 КК, ч. 2 артыкулу 218 КК)».
У віну актывістам ставілася закідваньне лямпачкамі з фарбай фасаду Менскага гарадзкога суду ў верасьні 2019 году і два эпізоды выкарыстаньня гаручай сумесі для падпалу дзьвярэй сьледчага ізалятару летась у кастрычніку ў Менску. Урон ад дзеяньняў быў ацэнены меней чым у 1,5 рубля.
Емяльянаў ня адмаўляў свайго ўдзелу ў акцыях, заявіўшы, што мэтай было прыцягненьне ўвагі да палітычных зьняволеных у Беларусі. Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб жорсткім абыходжаньні з боку прадстаўнікоў МУС.
На перакананьне праваабаронцаў, меліся падставы прымяненьня да абвінавачаных мераў крымінальнай адказнасьці, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі. Таму судовае рашэньне сьведчыць аб непрапарцыйным пакараньні ў сувязі з поглядамі і перакананьнямі. Гэта азначае, што Емельянаў і Комар зьяўляюцца палітвязьнямі.
У адпаведнасьці з Кіраўніцтвам у справе вызначэньня паняцьця «палітычны вязень», палітычным зьняволеным можа зьяўляцца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасьці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленьне свабоды было ўжыта ў парушэньне права на справядлівы судовы разбор, іншыя правы і свабоды, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах;
- пазбаўленне свабоды грунтавалася на фальсыфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэньня альбо пры адсутнасьці падзеі ці складу правапарушэньня альбо яго ўчыненьня іншай асобай;
- працягласць або ўмовы пазбаўленьня волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэньню, у якім асоба падазраецца ці абвінавачваецца.
У сувязі з гэтым «Прававая ініцыятыва», Кансультацыйны цэнтар у актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Хьюмэн Канстанта», праваабарончы цэнтар «Вясна», «Беларускі дакумэнтацыйнага цэнтар», ініцыятыўная група «Ідэнтычнасьць і права» патрабуюць для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаваньні права на справядлівы судовы разбор і ліквідацыю маючых месца парушэньняў.