Парлямэнт Сырыі ў чацьвер аднагалосна прыняў рэзалюцыю аб прызнанні масавага забойства армян у Асманскай імперыі ў гады Першай сусветнай вайны генацыдам. Гэта адбылося на фоне рэзкага абвастрэння і без таго варожых адносін паміж Анкарой і Дамаскам. Сырыйскія і турэцкія вайскоўцы ў апошнія дні некалькі разоў уступалі ў баі ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе Сырыі.
Сырыйскі парлямэнт цалкам лаяльны прэзідэнту Башару Асаду, легітымнасьць якога не прызнае сырыйская ўзброеная апазіцыя, шэраг фракцый якой падтрымлівае Турэччына.
Сьпікер сырыйскага парлямэнту ў чацвер абвінаваціў Турэччыну ў «агрэсіі» супраць Сырыі, заявіўшы, што злачынствы супраць «дружалюбнага армянскага народу» рабілі «продкі Эрдагана».
Турэччына ў адказ абвінаваціла Дамаск у крывадушнасьці.
Напярэдадні Эрдаган абрынуўся з крытыкай на Расею, абвінаваціўшы яе ў нападзе на мірных жыхароў у Ідлібе. Прэзідэнт Турэччыны таксама прыгразіў атакай на сырыйскія ўрадавыя войскі ў выпадку новых нападаў на турэцкіх вайскоўцаў.
Расейскае міністэрства абароны ў адказ заявіла, што словы Эрдагана не адпавядаюць рэчаіснасьці. У заяве міністэрства, у прыватнасьці, гаварылася, што тэрарыстычныя групоўкі ў Сірыі выкарыстоўваюць мірных жыхароў у якасьці «жывога шчыта».
Раней на гэтым тыдні адбыўся абстрэл назіральнага пункту Турэччыны ў Ідлібе. Больш за дзесяць турэцкіх вайскоўцаў былі забітыя. Анкара заклікала Маскву паўплываць на прэзыдэнта Сырыі і спыніць баявую апэрацыю ў рэгіёне.
Сырыйскія ўрадавыя войскі ўжо некалькі тыдняў вядуць у раёне Ідлібу наступ на апазыцыю. І Расея, і Турцыя ўдзельнічаюць у перамовах па дээскаляцыі канфлікту ў Сырыі, але падтрымліваюць розныя бакі. Масква аказвае ваенную дапамогу Асаду, а Анкара дапамагае апазыцыі.