Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд будзе адкрыты. Назвалі дату пачатку працэсу над экс-намесьнікам сакратара Савету бясьпекі Ўцюрыным


Былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын, архіўнае фота
Былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын, архіўнае фота

У справе, якую дзяржаўныя СМІ называюць «справай банкіраў», 16 фігурантаў, і адзін зь іх — былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі. У час сьледзтва ў атрымальнікаў хабару канфіскавалі звыш 1,65 млн даляраў, 62 тысячы эўра і звыш 1 кг золата.​

Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду Беларусі Юлія Ляскова анансавала пачатак суду ў справе аб хабары пры пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня.

Вярхоўны суд пачне разглядаць яе 10 сакавіка ў 11.00 на адкрытым выязным паседжаньні ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Адзін з адвакатаў прасіў закрыць справу, але гэтую просьбу не задаволілі.

Некаторыя пайшлі на ўгоду са сьледзтвам

Тым часам пяць абвінавачаных пайшлі на ўгоду са сьледзтвам, піша БелТА. У іх ліку:

  • былы генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў,
  • былы кіраўнік Міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фэлікс Касьпяровіч,
  • былы намесьнік старшыні галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацыянальнага банку Андрэй Падгорны,
  • прадстаўнік «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіл Прыгара і
  • расеец Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Телеком».

Пра дасудовае пагадненьне Сівадзедаў адзначыў, што ня толькі кампэнсаваў шкоду, але і выкрыў сьледзтву дзейнасьць двух іншых падазраваных — Пакрышкі і Жыліна.

Што за справа

2 сьнежня 2019 году КДБ паведаміў аб завяршэньні папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрыманьня і даваньня хабару падчас паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня.

Інфармацыя пра затрыманьне Ўцюрына зьявілася ў СМІ і тэлеграм-каналах яшчэ 29 красавіка. Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на «абазнаныя крыніцы», што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Ўцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за спрыяньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму выстаўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.

Фігуранты справы — 16 чалавек. У час сьледзтва ў атрымальнікаў хабару канфіскавалі звыш 1,65 млн даляраў, 62 тысячы эўра і звыш 1 кг золата.

У атрыманьні хабару вінавацяць наступных:

  • Андрэй Уцюрын, былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі і былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі. Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабару не менш як на 190 тысяч даляраў ЗША і падбухторваньні да даваньня хабару.
  • Фэлікс Касьпяровіч, старшыня праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разьліковы цэнтар».
  • Андрэй Падгорны, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацыянальнага банку (Касьпяровіча і Падгорнага абвінавачваюць у сумесным атрыманьні хабару на суму ня менш за 868 750 даляраў ЗША).
  • Ігар Кудасаў, начальнік Галоўнага ўпраўленьня плацёжнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгій Нацыянальнага банку, абвінавачваецца ў атрыманьні хабару агулам ня менш як на 30 000 даляраў.
  • Юры Зданевіч, дырэктар РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтар Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь», — у атрыманьні хабару агулам на 82 500 даляраў.
  • Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўленьня інфармацыйнай бясьпекі Дэпартамэнту бясьпекі ААТ «АСБ „Беларусбанк“», — у атрыманьні хабару агулам на 27 000 даляраў.
  • Сяргей Сівадзедаў, генэральны дырэктар РУП «Белтэлекам», — у атрыманьні хабару ў суме ня менш за 470 000 даляраў ЗША і 15 000 эўра.
  • Юры Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ «Банк БелВЭБ», — у атрыманьні хабару агулам на 13 000 даляраў, а таксама атрыманьні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў.

У даваньні хабару вінавацяць наступных:

  • Уладзімер Жылін, фактычны кіраўнік ТАА «Мабільны сервіс», абвинавачваецца ў даваньні хабару на суму ня менш як 900 250 даляраў.
  • Сяргей Пакрышка, суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА «Салідэкс ПІ» і ТАА «Салідэкс» (Менск), — у даваньні хабару на суму ня менш за 195 000 даляраў ЗША.
  • Міхаіл Прыгара, прадстаўнік ЗІУП «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», — у даваньні хабару агулам на 285 000 даляраў.
  • Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, суўладальнік СТАА «ДПА», — у даваньні хабару на суму ня менш як 53 000 даляраў.
  • Аляксандар Край, прадстаўнік ТАА «Мабільны сервіс», — у даваньні хабару на суму 13 000 даляраў і прадстаўленьні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў.
  • Віталій Гарбачоў і Ўладзімір Казанцаў, прадстаўнікі кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Телеком», грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, абодва — у даваньні хабару на суму ня менш як 190 000 даляраў.
  • Уладзімер Томчанка, дырэктар ТАА «ТТ-Сувязьком» (Менск), — у даваньні хабару на суму ня менш за 9000 даляраў.

На час сьледзтва 12 падазраваных узялі пад варту, астатніх заключылі пад хатні арышт, вызвалілі пад заклад або падпіску аб нявыезьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG