Група праграмістаў з Чэхіі бясплатна распрацавала і перадала ўраду сэрвіс пасьля таго, як стала вядома, што замову яго — без адкрытага конкурсу — Міністэрства транспарту ацаніла ў 401 млн чэскіх крон (амаль €16 млн).
Гісторыя дайшла да прэм’ер-міністра Чэхіі, і той звольніў міністра транспарту, паведамілі чэскія СМІ.
«Мне падалося, што дзяржаўная замова ў тым аб’ёме, у якім яна была прадстаўлена ў СМІ, і яе заяўленая цана цалкам не адпавядаюць рэальнасьці, — распавёў у інтэрвью Радыё Свабода Томаш Вондрачэк. — Гэта абсалютнае марнатраўства! І не ўпершыню дзяржаўныя заказы ў галіне IT ператвараюцца ў мегаломанскія і неабгрунтавана дарагія праекты. Гэта для мяне стала апошняй кропляй, таму што, па-сутнасьці, гаворка ідзе не пра такі ўжо складаны праект, распрацоўваюцца нашмат больш працаёмкія сыстэмы. Чатырыста адзін мільён крон за стварэньне і чатырохгадовую эксплёатацыю такога сайту — абсалютна нерэальная цана».
Гісторыя пачалася з тэндэру на стварэньне сэрвісу для продажу электронных дазволаў на праезд па платных хуткасных аўтамагістралях.
Дзяржзаказ уключаў у сябе распрацоўку інтэрнэт-крамы і двух прыкладаньняў для iOS і Android. Чатырохгадовы кантракт на распрацоўку і падтрымку сайту заключылі з падрадчыкам Asseco Central Europe.
«Відавочнае марнатраўства» з боку ўраду выклікала абурэньне ва ўладальніка IT-кампаніі Actum Digital Томаша Вондрачка (Tomas Vondracek). Ён назваў тэндэр «абсурдным» і дадаў, што пры жаданьні тую ж працу можна зрабіць «хоць за пару дзён»:
«Я хачу, каб надалей ніхто не ставіўся да нашых агульных грошай так, як гэта цяпер робіць дзяржава».
Запісанае відэа распаўсюдзілі ў сацсетках:
На заклік Вондрачка адгукнуліся больш за 300 чалавек, зь іх выбралі 60 праграмістаў. 27 студзеня сайт пачаў працаваць у тэставым рэжыме. Цяпер на ім можна купіць віртуальны купон за сымвалічныя 1, 2 і 3 кроны. Сродкі пералічаць у фонд дапамогі дзецям, якія атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні. За суткі сайт наведалі больш за 150 тысяч чалавек.
Акрамя высокай цаны праекту, абвешчанай урадам, праграмістаў абурыла і тое, што дзяржава не аб’яўляла на праект адкрыты тэндэр, а самастойна выбрала падрадчыка.
«Я паабяцаў, — сказаў Томаш Вондрачэк, — што ў найбліжэйшы час зраблю і перадам СМІ падрабязны каштарыс, каб прадэманстраваць, наколькі моцна быў завышаны кошт праекта. Я б хацеў зрабіць гэта, каб кожны мог зразумець, чаму я ўстаў са свайго офіснага крэсла і вырашыў паклікаць праграмістаў-добраахвотнікаў, каб яны напісалі сайт. Дакладных лічбаў у мяне няма, але я абсалютна ўпэўнены, што кошт такога праекту ня можа перавышаць нават чацьвёртую частку абнародаванай сумы, калі рацыянальна распараджацца сродкамі».
«Што дзяржава зрабіла няправільна, — дадаў Вондрачэк, — гэта тое, што разглядала праект цалкам як сакрэтны, і такім чынам, ён павінен быў адпавядаць пэўным парамэтрам бясьпекі — гэта значыць, што яго могуць распрацоўваць выключна кампаніі, якія могуць рэжым сакрэтнасьці выконваць. У тым ліку размова ішла і аб тых частках сайту, якія мы напісалі на працягу двух выходных дзён.
Але якраз яны сакрэтнымі не зьяўляюцца, і іх распрацоўку можна было вылучыць у асобны тэндэр, які мог быць абсалютна адкрытым і даступным для любых кампаній, якія займаюцца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня. Калі б так адбылося, цана гэтага праекту была б адразу ў разы меншай. Мы, на жаль, ня ведаем дэталяў сакрэтнай часткі сайту, мы ня можам сказаць, які яе аб’ём — большы ён ці меншы за той, што зрабілі мы. Але я магу ўявіць сабе, якую інфармацыю дзяржава жадала бы пакінуць сакрэтнай, і прыблізна ацэньваю гэтую частку праекту як аднолькавую па аб’ёме з тым, што было напісана праграмістамі ў выходныя. Мне здаецца, што дзяржава спэцыяльна падавала гэты праект з такой помпай, каб апраўдацца за вельмі завышаны кошт».
Урад Чэхіі прапанавала Томашу Вондрачку заплаціць за яго ініцыятыву і за працу праграмістаў, якія ўдзельнічалі ў праекце, але ён адмовіўся.
«Гэтая ініцыятыва першапачаткова ўзьнікла як бясплатны падарунак дзяржаве — хай усё так і застаецца, — кажа ён. — Мы проста хацелі б, каб дзяржава скарысталася ім і знайшла юрыдычную магчымасьць прыняць у нас нашу працу».
Паводле словаў Вондрачка, яго кампанія не зьбіраецца ўдзельнічаць у тэндэры на далейшую падтрымку сайта. На ганарары праграмістам і супрацоўнікам яго кампаніі пойдуць ахвяраваньні, якія ў гэтыя дні пасыпаліся на рахунак яго кампаніі. Гэта было нечаканым і вельмі кранула, кажа Вондрачэк.
Міністра транспарту Ўладзіміра Крэмліка на мінулым тыдні адправілі ў адстаўку, да праграмістаў прыехаў прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш. Ён заявіў, што калі напісаны сайт будзе функцыянальным, урад скарыстаецца працай добраахвотнікаў.
Новы міністар транспарту Чэхіі Карэл Гавлічэк сказаў, што ўсе кантракты і тэндэры на распрацоўку праграмнага забесьпячэньня для продажу аўтамабільных купонаў пакуль адменяць.