Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «добрай размовы зь Зяленскім» Трамп прызнаў, што Ўкраіне патрэбныя комплексы СПА Patriot


Дональд Трамп гутарыць з журналістамі ў самалёце Air Force One
Дональд Трамп гутарыць з журналістамі ў самалёце Air Force One

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які ў пятніцу правёў тэлефонную размову з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, заявіў, што Ўкраіне патрэбныя зэнітна-ракетныя комплексы Patriot «для абароны».

«У нас была добрая размова зь Зяленскім», — сказаў Трамп журналістам на борце прэзыдэнцкага самалёта Air Force One. Пры гэтым паўтарыў, што ён «вельмі незадаволены» сваёй размовай з Пуціным напярэдадні і адмовай, як ён сказаў, расейскага лідэра працаваць над спыненьнем агню.

Адказваючы на пытаньне аб магчымай пастаўцы Украіне дадатковых комплексаў СПА Patriot, пра якія прасіў Зяленскі, Трамп заявіў: «Ім яны патрэбныя для абароны... Ім трэба нешта, таму што іх моцна абстрэльваюць». Кіраўнік Белага дому высока ацаніў эфэктыўнасьць Patriot.

Украіна неаднаразова зьвярталася да ЗША з просьбай аб дадатковых комплексах Patriot, лічачы іх ключавым элемэнтам абароны гарадоў ад расейскіх ракетных і дронавых нападаў. Крыніца, знаёмая са зьместам гутаркі Трампа і Зяленскага, паведаміла агенцтву Reuters, што размова была «вельмі добрай» і ёсьць аптымізм адносна аднаўленьня амэрыканскіх паставак комплексаў Patriot для Ўкраіны.

Нядаўняе рашэньне Вашынгтону прыпыніць пастаўкі некаторых відаў узбраеньняў, у тым ліку ракеты для Patriot, выклікала занепакоенасьць у Кіеве. Нямеччына вядзе з ЗША перамовы аб закупцы сыстэм Patriot для наступнай перадачы Украіне, аднак ніякіх рашэньняў пакуль не прынята.

  • Між тым NBC News са спасылкай на крыніцы паведаміла, што праверка амэрыканскіх ваенных запасаў, пасьля якой Пэнтагон прыпыніў пастаўкі зброі Украіне, ня выявіла іх крытычнага недахопу. Паводле суразмоўцаў выданьня, узровень некаторых высокадакладных боепрыпасаў аказаўся зьніжаны, але не дасягнуў мінімальна дапушчальнага парога. Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў прыйшоў да высновы, што працяг дапамогі Украіне не падарве баяздольнасьць саміх ЗША.
  • Рашэньне аб часовым прыпыненьні паставак было, паводле інфармацыі NBC, ініцыятывай міністра абароны Піта Гэґсэта і яго намесьніка Элбрыджа Колбі, які даўно выступае за скарачэньне ўцягваньня ЗША ў расейска-ўкраінскую вайну і пераарыентацыю рэсурсаў на стрымліваньне Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG