Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіную беларускамоўную школу Камянецкага раёну не закрыюць прынамсі ў 2020 годзе


Амелянецкая школа
Амелянецкая школа

Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая расказала «Нашай ніве», што Амелянецкая сярэдняя школа, якую зьбіраліся закрываць, застанецца працаваць прынамсі ў бягучым годзе.

«Сёлета гэтая школа закрытая ня будзе — такіх плянаў ня маюць ні мясцовыя ўлады, ні Міністэрства адукацыі, — сьцьвярджае Людміла Высоцкая. — Пра наступны год нічога сказаць не магу, бо пляны ў нас складаюцца на каляндарны год».

Мясцовыя ўлады анансавалі закрыцьцё школы. Кіраўнік аддзелу адукацыі Камянецкага раёну Віктар Грыцук пазьбягае сустрэч з журналістамі, адмовіўся патлумачыць сваю пазыцыю і карэспандэнту Свабоды. Але месяц таму чыноўнік даў вялікае інтэрвію блогеру Аляксею Голікаву, дзе растлумачыў непатрэбнасьць беларускамоўнай школы: «Ды дзецям далёка ўсё роўна... А ў краме — беларуская мова, а на вуліцы —беларуская мова?»

Навучальная ўстанова ў вёсцы Амелянец у Камянецкім раёне зьявілася яшчэ ў 19 стагодзьдзі, калі тут стварылі народнае вучылішча. У міжваенны час дзейнічала польская школа, затым беларуская. Цяпер у Амелянецкай школе 52 вучні і 15 настаўнікаў.

Неўзабаве пасьля 1 верасьня мінулага году раённае начальства пастанавіла яе закрыць, а дзяцей вазіць у школу ў вёску Пагранічная за 18 кілямэтраў. Прычына — неадпаведнасьць санітарным нормам. У школе няма гарачай вады, прыбіральня — на вуліцы.

Сярэдняя школа ў Амелянцы — адзіная беларускамоўная на ўвесь раён (ёсьць яшчэ базавая ў Каленкавічах). Закрыцьцё чарговай беларускай школы магло б прайсьці ціха і незаўважна, але збунтаваўся мясцовы фізрук Павал Кендысь — пра закрыцьцё невялікай школы на самым ускрайку краіны даведаліся ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Кендысь сьцьвярджае, што чыноўнік Грыцук на сустрэчы з бацькамі і настаўнікамі пагражаў яму «галаву адарваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG