Урад брытанскага прэм’ер-міністра Борыса Джонсана ўпершыню пасьля сьнежаньскіх выбараў пацярпеў паразу ў парлямэнце. Ён прайграў галасаваньне ў Палаце лордаў аб пытаньнях, зьвязаных з Brexit.
У прыватнасьці, Палата лордаў падтрымала выдачу адмысловых пасьведчаньняў грамадзянам дзяржаваў ЭЗ (270 «за», 229 «супраць»). Уладальнікі гэтага дакумэнту атрымаюць права знаходзіцца на тэрыторыі Злучанага каралеўства пасьля выхаду Брытаніі з ЭЗ, паведамляе Бі-Бі-Сі. Больш за 2,7 мільёна чалавек ужо падалі прашэньне на атрыманьне пасьведчаньняў. Каля 2,5 мільёна зь іх атрымалі пацьверджаньне, што могуць працягнуць працаваць і жыць у Злучаным каралеўстве пасьля Brexit.
Кансэрватары, якія атрымалі на выбарах 12 сьнежня большасьць месцаў у Палаце грамадаў, пасьпяшаліся ўхваліць заканадаўства, неабходнае для ратыфікацыі пагадненьня Джонсана з Брусэлем. Аднак у Палаце лордаў, дзе цяпер разглядаецца законапраект, урад ня мае большасьці. У гэтых умовах верхняя палата, хоць і ня стане чыніць перашкод ухваленьню пакета ўрадавых захадаў, хутчэй за ўсё, пажадае ўнесьці ў яго некаторыя папраўкі, адзначае Reuters.