Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Шэры Кот атрымаў 60 сутак арышту. Ці законна гэта?


Зьміцер Казлоў
Зьміцер Казлоў

Актывіст з Воршы Зьміцер Казлоў, вядомы як блогер Шэры Кот, з 26 сьнежня адбывае адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй. Праваабаронцы кажуць, што Казлоў атрымаў агулам 4 тэрміны па 15 сутак (3 тэрміны ў аршанскім судзе і 1 у Менску) і мае выйсьці з аршанскага ізалятара на волю толькі ў канцы лютага. Ці законна гэта?

Агульны тэрмін адседкі ня можа перавышаць 25 сутак

Тое, што Зьмітра Казлова зьбіраюцца пратрымаць за кратамі 60 сутак — парушэньне закону, лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч зь «Вясны». Праваабаронца спасылаецца на Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які дазваляе суду караць парушальніка паводле аднаго пратаколу арыштам ня больш як на 15 сутак, а калі пратаколаў больш — агулам ня больш як на 25 сутак. Але ўлады даўно прызвычаіліся абыходзіць гэтае патрабаваньне закону, адзначае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Звычайна робіцца гэтак: над затрыманым праводзяць некалькі фармальна незалежных працэсаў, па розных пратаколах, і даюць на кожным па 15 сутак, хоць мусілі пратаколы аб’яднаць — і тады б не атрымалася тых 60 сутак, як у Казлова. Турэмшчыкі таксама не павінны трымаць арыштанта больш за 25 сутак. Але і тут улада выходзіць са становішча проста: арыштанта вызваляюць праз 15 дзён, але адразу па выхадзе на волю зноў затрымліваюць і саджаюць паводле яшчэ не адбытага прысуду зноў. Альбо вязуць у суд, дзе даюць новы тэрмін і гэтак вяртаюць на нары».

Суды павінны разглядаць усе пратаколы разам

Паводле Валянціна Стэфановіча, яўным парушэньнем права ёсьць і тое, што з райаддзелаў міліцыі, дзе вядзецца адміністрацыйны працэс, у суд дасылаюць ня ўсе разам пратаколы аб правапарушэньні актывіста, а спачатку адзін-два, а астатнія прытрымліваюць да часу, калі адміністрацыйны працэс скончыцца і можна будзе распачаць новы суд. Гэта і прыводзіць да таго, што актывіст трапляе на канвэер, на якім яго чакае значна больш за два тэрміны.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ці прызнаюць Зьмітра Казлова палітвязьнем?

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што «Вясна» гэта ўжо зрабіла. Паводле праваабаронцы, да рашэньня «Вясны» могуць далучыцца іншыя праваабарончыя арганізацыі.

«20 студзеня мы падрыхтавалі адмысловую заяву ў падтрымку Зьмітра Казлова і прапанавалі іншым праваабарончым арганізацыям далучыцца да гэтай кампаніі. Мы патрабуем ад уладаў тэрмінова вызваліць Зьмітра Казлова, якога, безумоўна, лічым палітычным вязьнем, бо фактычна ён пазбаўлены волі за рэалізацыю свайго права на свабоду сходаў, прадугледжанага Канстытуцыяй. Пра ягоную сытуацыю ўжо паведамлена спэцдакладчыку ААН па Беларусі», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

У якіх умовах трымаюць Зьмітра Казлова?

Сытуацыю са Зьмітром Казловым ускладняе тое, што ў яго няма сваякоў, якія б ім апекаваліся і мелі дакладную інфармацыю пра яго знаходжаньне ў ізалятары Воршы.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец у 2017 годзе адбываў у гэтым ізалятары 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу супроць антыдармаедзкага дэкрэту. Вось што палітык кажа пра ўмовы ў аршанскім ізалятары:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Бытавыя ўмовы там збольшага нядрэнныя, бо Ворша лічыцца „заходняй брамай“ краіны, там у ізалятары заўсёды шмат замежнікаў, якіх затрымалі за незаконны ўезд у Беларусь ці іншае. На грошы Эўразьвязу ізалятар падтрымліваюць у больш-менш добрым стане, але парадкі там даволі жорсткія. Прыкладам, там практыкуюцца начныя аблавы, інакш гэта цяжка назваць. Гэта калі ўсіх вязьняў падымаюць, абшукваюць, робяць ператрус у камэры, а потым перасяляюць вязьняў з камэры ў камэру. Навошта гэтак рабілася, мне дагэтуль незразумела, але вось такая там была практыка», — згадвае Павал Севярынец.

Чаму гэтак жорстка перасьледуюць менавіта Казлова?

Удзельнікаў мітынгаў пратэсту масава судзяць. Збольшага людзі атрымліваюць вялізныя штрафы. Найбольш актыўныя — «суткі». Так, Павал Севярынец атрымаў разам 45 сутак арышту, зь якіх ужо адбыў 15. Чаму Шэраму Кату дасталася найбольш?

Павал Севярынец мяркуе, што ўлады ўзялі пад шчыльную ўвагу ўсіх блогераў, якія асьвятляюць акцыі пратэсту.

«Усім блогерам дастаецца, ня толькі Казлову», — адзначае палітык. Але Зьмітра Казлова, паводле Паўла Севярынца, маглі пакараць і за выступ на мітынгу ў Менску 21 сьнежня.

«Гэта быў рашучы выступ, я б назваў яго рэвалюцыйным. Цяпер гэты выступ гуляе па інтэрнэце, можаце паглядзець. Зьміцер зьвярнуўся да людзей з заклікам падымацца з канапаў, дакладна сказаў, што трэба зрабіць, каб зьмяніць існы рэжым і абараніць незалежнасьць. Відаць, яго прыкмецілі і вырашылі асабліва пакараць», — мяркуе Павал Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG