Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: блогера Шэрага Ката арыштавалі ўжо не на 45, а на 60 сутак


Зьміцер Казлоў, аўтар каналу «Шэры кот»
Зьміцер Казлоў, аўтар каналу «Шэры кот»

Радыё Рацыя паведаміла са спасылкай на праваабаронца Паўла Левінава, што відэаблогер Дзьмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, ужо чатыры разы асуджаны на пятнаццаць сутак за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй і за заклікі ў сацыяльных сетках да ўдзелу ў пратэстах.

Раней было вядома пра тры такія прысуды.

Казлоў перастаў выходзіць на сувязь 26 сьнежня 2019 году. Паплечнікі па «Эўрапейскай Беларусі» кажуць, што пяць дзён спрабавалі даведацца ў праваахоўнікаў, ці не затрымлівалі Казлова. Яго павінны былі судзіць 30 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску, і толькі ў той дзень высьветлілася, што блогера затрымалі 25-га і пасадзілі на 15 сутак у ізалятар у Воршы. Ён меў выйсьці на волю 9 студзеня, але высьветлілася, што яго судзілі яшчэ раз, пакуль ён адбываў пакараньне.

Як пазьней напісала ягоная знаёмая Паліна Сьцепаненка, 13 студзеня Казлова судзілі, пакуль ён быў за кратамі ў Воршы. Ніхто зь ягоных знаёмых ці прадстаўнікоў аб працэсе ня ведаў.

Паводле паўла Левінава, яшчэ адзін суд быў 10 студзеня, і на ім Казлова таксама асудзілі на 15 сутак.

Ці будуць перапынкі паміж арыштамі? Павал Левінаў кажа: «У адпаведнасьці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньях, чалавека нельга ўтрымліваць за кратамі больш як 25 сутак запар. Але 15 сутак у цябе сканчваюцца, ты па дакумэнтах вызваляесься, і цябе нават могуць выпусьціць за браму. А праз хвіліну затрымаць, і зноўку — у ІЧУ».

Левінаў паведаміў, што яму вядома пра яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Дзьмітрыя Казлова — ад 2 студзеня і ад 5 студзеня. У іх відэаблогера вінавацяць за заклікі ў сацыяльных сетках на менскія акцыі 20 і 21 сьнежня. У судзе гэтыя справы пакуль не разьбіралі. Чакае Шэрага Ката і судовы разбор у Менску — за ўдзел у акцыі пратэсту 8 сьнежня.

«Сам ён сказаў: „Чакайце на майскія“, — расказвала Паліна Сьцепаненка Свабодзе. — Абскарджваць, нічога ня будзе: прызнае і ўдзел у акцыях, і распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках».

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй прысудзілі ня менш за 66,5 тысячы рублёў штрафаў, некаторых актывістаў садзілі пад арышт нават на Новы год. Паўла Севярынца, які заклікаў на менскія акцыі, пакаралі 45 суткамі арышту і штрафам у 2625 рублёў. Пасьля «навагодняга» арышту яго выпусьцілі, але могуць забраць за краты ў любы момант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG