На аплату штрафаў, якія ў Беларусі прысудзілі ўдзельнікам акцый супраць інтэграцыі з Расеяй, ужо сабралі больш за 13 тысяч рублёў. Збор сродкаў працягваецца на сайце Моламола.
Гэта найбольшыя лічбы ў гісторыі праекта, паведамляе Наша ніва.
Кампанія #BY_help абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.
У Беларусі грошы можна ахвяраваць праз сайт MolaMola.by, з-за мяжы — на PayPal-рахунак alaksiej.lavoncyk@tol.org. Пра іншыя спосабы пераводу грошай могуць расказаць праз пошту alaksiej.lavoncyk@tol.org або праз паведамленьні на старонцы ў Facebook. Кампанія абяцае, як і раней, даваць дэталёвыя справаздачы пра тое, куды пайшлі грошы.
Кампанія паўстала ў 2017 годзе пасьля затрыманьняў удзельнікаў «Маршаў недармаедаў». Тады на штрафы і кампэнсацыі арыштаў ім і ўдзельнікам маршу на Дзень Волі сабралі 55 тысяч даляраў. Збор сродкаў зноў пачалі ў 2018 годзе ў сувязі са «справай БелТА» — тады сабралі яшчэ 5500 даляраў.