71-гадовага Дага Вівэстада затрымалі ў Берасьці 29 верасьня 2019 году. Яго абвінавачваюць па ч. 3 арт. 167 КК РБ — «дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга». Пакараньне прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
Сьледзтва па ягонай справе скончана і перададзена ў пракуратуру. Справа ўжо паступіла ў суд Маскоўскага раёну гораду Берасьця, аднак дата пачатку працэсу яшчэ не вядомая.
Прадстаўнік Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Іванюк паведаміў Радыё Свабода, што крымінальная справа ў дачыненьні да Дага Вівэстада расьсьледавалася Берасьцейскім аддзелам СК.
«На працягу расьсьледаваньня да абвінавачанага з санкцыі пракурора прымененая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. У сьнежні 2019 году справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд. У сувязі з гэтым яе камэнтаваньне ў цяперашні час не ўваходзіць у кампэтэнцыю СК», — паведаміў Іванюк.
Улічваючы ўдзел у паседжаньні непаўналетніх, суд будзе закрытым.
Свабода пагаварыла з жонкай Дага Вівэстада. Яна грамадзянка Нарвэгіі і Расеі, гаворыць па-расейску. У публікацыі папрасіла не называць яе імя, таму мы будзем называць яе Н.
Усё адбылося ў гатэлі «Беларусь»
Мы перадаём храналёгію падзей са словаў Н. Яна, у сваю чаргу, ведае яе зь лістоў, якія муж дасылаў ёй зь СІЗА ў Берасьці. Падчас спатканьняў яны ня могуць размаўляць пра справу. Матэрыялаў справы яна таксама ня бачыла. Кажа, што беларуская адвакатка дае вельмі мала інфармацыі, і дэталяў абвінавачаньня Н. ад яе ня ведае.
Паводле Н., усё адбылося пасьля 23.00 у суботу 28 верасьня 2019 году ў гатэлі «Беларусь», у цэнтры Берасьця. Праз два дні нарвэжцы меліся выяжджаць у Менск.
«Даг мне напісаў, што ён быў у бары. У холе ён сутыкнуўся з кампаніяй дзяцей. Пры ўваходзе ён павітаўся зь дзяўчынкай па-ангельску. Яны перакінуліся некалькімі ангельскімі словамі. Даг уразіўся, што дзіця размаўляе па-ангельску. Размова цягнулася ўсяго дзьве хвіліны. І ён пацалаваў яе ў шчаку. У Нарвэгіі гэта абсалютна нармальны жэст, і на гэта ніхто не зьвярнуў бы ўвагі. Але ён забыў што ён не ў Нарвэгіі, і гэта прывяло да такіх наступстваў».
Дзяўчынцы можа быць каля 10 гадоў, астатнія двое дзяцей яшчэ меншага ўзросту.
«Білі вельмі жорстка — у жывот, па галаве. У сябра ўнутрычарапное кровазьліцьцё»
Пасьля размовы, кажа Н., Даг зь сябрам пайшлі на прыпынак таксі, што перад гатэлем. Іх дагнала кампанія мужчын і пачала зьбіваць. Найбольш пацярпеў сябар Дага (нібыта дзяўчынка памылкова паказала на яго).
«Даг сказаў, што людзей было вельмі шмат і білі вельмі жорстка — у жывот, па галаве. Ён прыкрываў галаву рукамі, таму ня мог усіх разгледзець. Зьбівалі мужчыны рознага ўзросту, — перадае Н. словы мужа.
Моцна зьбітага сябра забралі ў міліцыю. Празь некалькі гадзін у гатэлі затрымалі Дага.
Н. кажа, што сябар Дага адмовіўся падаваць заяву аб зьбіцьці, каб як найхутчэй выехаць у Нарвэгію. Там яго, па словах Н., праапэравалі з прычыны ўнытрычарапнога кровазьліцьця.
„Я яго бачыла на наступны дзень пасьля вяртаньня, ён быў увесь у сіняках. Не было жывога месца“, — кажа Н. — Калі ён даведаўся пра наступствы гэтага зьбіцьця, ён падаў заяву ўжо з Нарвэгіі».
Радыё Свабода атрымала копію адказу грамадзяніну Нарвэгіі N.N. У ім гаворыцца, што пасьля праведзенай праверкі ўсталявана немагчымасьць вызначыць ступень цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў, нанесеных яму, бо сам заяўнік адмовіўся ад правядзеньня экспэртызы. Таксама падчас праверкі не знайшоў пацьверджаньня «факт нанясеньня Вам удараў невядомай асобай», — гаворыцца ў адказе.
Таксама ў адказе паведамляецца, што ў сувязі з вышэйпададзенымі фактамі адміністрацыйны працэс у дачыненьні да грамадзяніна Н.(прозьвішча і імя ёсьць у дакумэнце), які нібыта адштурхнуў нарвэжца рукамі, спынены, бо ў ім няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня.
Дакумэнт падпісаны начальнікам аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця палкоўнікам міліцыі Анатолем Калядзічам 31 сьнежня 2019 году.
Анатоль Калядзіч на тэлефонны зварот Радыё Свабода паведаміў, што «не дае камэнтароў праз тэлефон» і што гэтая справа «расьсьледуецца Сьледчым камітэтам, зьвяртайцеся па камэнтары туды».
Сам N.N. адмовіўся на дадзены момант размаўляць з Радыё Свабода, спаслаўшыся на кепскі стан свайго здароўя.
Ці затрымлівалі людзей, якія зьбівалі нарвэжцаў, жонка Дага ня ведае. Яна кажа, што тых, хто зьбіваў Дага і ягонага сябра, міліцыя ня вызначыла.
«Мне здаецца відавочным, што яны не хацелі расьсьледаваць зьбіцьцё і прыцягваць некага да адказнасьці», — кажа Н.
Яна таксама пытаецца, чаму ў справе зьбіцьця яе мужа і ягонага сябра няма відэа з прыпынку таксі, на якім усталяваная відэакамэра з гатэля. Гэта, паводле жанчыны, дазволіла б вызначыць, хто і як зьбіваў нарвэжцаў. Таксама на прыпынку маглі быць іншыя кіроўцы, аднак ніхто, па словах Н., не шукаў гэтых сьведак.
«Гэта грамадзкае месца. Шмат людзей»
Дага затрымалі і пазьней прад’явілі яму абвінавачаньне па ч. 3. арт. 167. Ягоная жонка кажа, што сябра апыталі наконт дзеяньняў Дага і паказалі відэа з гатэля.
«Ён бачыў, што мой муж стаіць у праёме дзьвярэй са сьпіны. І гэта ўсё. Напэўна, у гэты час ён размаўляў зь дзіцем. Я ня ведаю, магчыма, там ёсьць яшчэ нейкае відэа. Але адвакаты мне сказалі, што гэта ня можа быць доказам», — кажа Н.
Якія канкрэтна паказаньні дзяцей сталі абвінавачаньнем для яе мужа, Н. ня ведае.
«Я не разумею. Увесь эпізод цягнуўся 2 хвіліны. Гэта грамадзкае месца. Людзі праходзілі міма, стаялі побач, — кажа Н. — Туды толькі прыбыла група азіяцкіх турыстаў, нехта праходзіў, гэта ж уваходныя дзьверы. Там шмат людзей. Але выкарыстоўваюцца толькі паказаньні дзяўчынкі, яе маці і двух яшчэ меншых дзяцей».
Н. кажа, што муж прызнаецца ў тым, што пацалаваў дзіця ў шчаку.
«Так прынята ў Нарвэгіі. Калі пабываць хаця б раз у Нарвэгіі, можна гэта зразумець. Але тут зусім іншы мэнталітэт, гэтага ніхто не зразумеў», — кажа Н. — «Наконт зьбіцьця, я нават разумею, што гэта рэакцыя бацькоў і чаму гэта адбылося. Але ніхто не даведаўся, у чым справа. Даг быў упэўнены, што яго адпусьцяць на наступны дзень, і я была ўпэўненая».
Н. таксама зьвяртае ўвагу, што ў справе напісана, нібыта Даг быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Аднак Даг сьцьвярджае, што піў у клюбе кока-колу. Падчас сьледзтва яму зрабілі тэст, і той не паказаў утрыманьня алькаголю ў крыві. Аднак Н. турбуецца, што словы пра «знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня» у справе мужа засталіся.
«Сьледзтва вядзецца з абвінаваўчым ухілам»
Н. кажа, што Даг у зьняволеньні найбольш пакутуе ад таго, што ў ім ня бачаць чалавека.
«Ён не разумее, чаму чалавек яшчэ знаходзіцца ў папярэднім затрыманьні, але да яго ставяцца адразу так, нібыта яму вынесены прысуд, — кажа Н. — Майму мужу больш за 70 гадоў. Ён сталы чалавек. Калі яго затрымалі, то падчас допыту яму загадалі сядзець і не варушыцца. Ён мне апісвае, як пасьля затрыманьня ён сядзеў і чакаў, і яму ані разу не прапанавалі ані вады, ані ежы. І так прайшла 31 гадзіна».
Таксама ў Дага не было перакладчыка з роднай нарвэскай мовы. Камунікавалі зь ім па-ангельску. Як кажа Н., на першых, самых важных этапах сьледзтва, з гэтай прычыны ўзьнікала шмат непаразуменьняў.
«Найбольш зачапіла ягонае здароўе і псыхіку тое, як яго канваявалі зь Берасьця ў Менск на псыхалягічную экспэртызу, — працягвае жанчына. — Яго везьлі ў нейкім маленькім вагоне бяз вокнаў. 5 дзён у жахлівых умовах. І ніхто ня ведаў, дзе ён. І такі ж шлях назад. Ён піша, што яго не кармілі, не паілі і не вадзілі ў туалет 37 гадзін. У яго ніколі не было праблем са здароўем, але цяпер у яго ціск і сэрца. А нават не было аніякага прысуду яшчэ!»
Цяпер зь ім таксама камунікуюць па-ангельску. Праз два месяцы пасьля затрыманьня яго наведалі супрацоўнікі нарвэскай дыпляматычнай службы.
«Гвалту над ім не было. На ўмовы ў СІЗА ён ня скардзіцца. У камэры ў яго 8 чалавек. Але скардзіцца, што прагулка толькі 20 хвілін, — кажа Н. — Ён ужо зьмяніўся і кепска сябе адчувае. Але найбольш яму цяжка псыхалягічна, што яго як чалавека ані ўва што ня ставяць. Гэта самае страшнае для яго».
«Ён добры чалавек, ніколі ня меў спраў з паліцыяй»
Даг па прафэсіі аўдытар, мае вышэйшую адукацыю, вучыўся ў Англіі і Канадзе, распавядае жонка. Сама Н. родам з Расеі, мае расейскае грамадзянства.
«Мы зь ім пражылі ў шлюбе 20 год. Я ведаю, што ён ня мог гэтага зрабіць, — кажа яна пра мужа. — Ён добры чалавек, любіць дзяцей і іх не пакрыўдзіць. У нас дзяцей няма. Але ў яго 4 пляменьніцы. Старэйшай 27 гадоў, малодшай — 2,5 года. Старэйшую ён вырасьціў, малодшая ў нас часта».
Н. рыхтуецца да суду. Узяла даведку з нарвэскай паліцыі, якая пацьвярджае, што Даг Вівэстад ніколі ня меў праблем з законам.
«Як усе нарвэжцы, ён вельмі адкрыты і шчыры чалавек. Славянам гэта можа быць не зразумела. Калі я зьбірала характарыстыкі на яго ад сяброў, так шмат пра яго добрага ўсе напісалі. І пляменьніцы, і сябры, і калегі. Усе пішуць толькі найлепшае», — кажа жанчына.
Некалькі гадоў таму Даг выйшаў на пэнсію. Яны разам шмат падарожнічаюць.
«У асноўным у Эўропе. Даг вельмі цікавіцца гісторыяй і Савецкім Саюзам. Для яго асабліва важная ваенная гісторыя, — распавядае Н. — Ягоны бацька і два ягоныя дзяды змагаліся з нацыстамі і ўдзельнічалі ў канвоях, якія пастаўлялі ў СССР прадукты і ўзбраеньне. Мы былі шмат у якіх рэспубліках. Гады 2–3 таму мы ўжо былі ў Берасьці і ў Менску. Яму Беларусь асабліва спадабалася. Ён нават ані на што ня скардзіцца ў турме — ані на ежу, ані на ўмовы. Але стаўленьне да людзей, як цяпер у СІЗА, абурае».
Н. мяркуе, што яе саму не дапусьцяць да працэсу. Што да пэрспэктываў, то яна пацікавіліся статыстыкай апраўдальных прысудаў у Беларусі і лічыць, што, калі разважаць лягічна, яе муж, найхутчэй, будзе асуджаны.
«Сьледзтва вядзецца адразу з абвінаваўчым ухілам, — сьцьвярджае Н. — Ягоных слоў аніхто не бярэ ў разьлік. Усе факты трактуюцца яму ў мінус. Усё разглядаецца не нэўтральна, а шукаюць ва ўсім ягоную віну. Гэта незвычайна для нас, бо для нас важная прэзумпцыя невінаватасьці».