Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крым расейцы аддадуць Украіне, праз вайну ці самі». Былы падводнік ходзіць на мітынгі за незалежнасьць


Генадзь Сініцоў
Генадзь Сініцоў

На сьнежаньскіх мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй сярод мітынгоўцаў можна было заўважыць сівога невысокага мужчыну ў форме афіцэра вайскова-марскога флёту СССР. Іншыя мітынгоўцы паміж сабой празвалі яго «марак». Што гэта за чалавек? Ці сапраўды ён служыў на чырванасьцяжным флёце і як апынуўся пад бел-чырвона-белымі сьцягамі?

Мараком стаў «празь сьмерць Сталіна»

Невысокі чалавек у спартовым касьцюме адчыняе дзьверы сваёй кватэры ў новым менскім мікрараёне Копішча і ветліва запрашае да сябе. На сьцяне насупраць канапы — фатаздымкі. Вось пузатыя падводныя лодкі каля прычалу, а вось гарадок сярод сопак. У кутку вісіць адпаліраваны да бляску карабельны штурвал, над ім — палінялыя сьцяжкі з блакітнымі палоскамі і чырвонымі зоркамі.

Сам Генадзь Браніслававіч Сініцоў кажа, што падводнікам стаў празь сьмерць Сталіна. Як так атрымалася?

Увесну 1953 году ён канчаў 4 клясы ў Ашмянскай сярэдняй школе № 1 і мог бы вучыцца далей, але 5 сакавіка памёр Сталін.

«Як цяпер памятаю: 5 сакавіка. Усе мусяць быць у жалобе, а мы з хлопцамі гуляем у футбол каля школы. І нехта зь пільных выкладчыкаў убачыў ды данёс дырэктару. Той выклікаў маіх бацькоў і сказаў, што ў 8-ю клясу мяне з такімі паводзінамі ня возьмуць».

Так праз 4 гады і атрымалася. Ашмяны тады адносіліся да Маладачанскай вобласьці, якая была створана пасьля вайны і перажывала страшэнны дэфіцыт кадраў. У райцэнтры месьцілася некалькі вучэльняў. Малады Сініцоў выбраў пэдагагічную, дзе за два гады рыхтавалі настаўнікаў пачатковых клясаў. Пазьней вучэльню перавялі ў Полацак.

Тады Генадзь пра лёс марскога афіцэра нават ня марыў. Па разьмеркаваньні 17-гадовым прыехаў у вёску Гі́неўцы на Ашмяншчыне, пачаў працаваць у мясцовай школе, там пазнаёміўся з будучай жонкай Людмілай.

Але неўзабаве выклікалі ў ваенкамат — трэба адслужыць у войску. І вось тут пашанцавала. На ваенкамат прыйшла разнарадка аб накіраваньні некалькіх чалавек на вучобу ў Севастопаль, а прыстойных кандыдатаў неставала. Камісар прыдумаў такі ход: «Едзь, Сініцоў, і паступай, ты ж разумны. Паступіш — усім добра, не паступіш — дык забяром у войска, нікуды яно не падзенецца».

«Ваяваць не давялося, але на нэрвах усім пагулялі»

У 1962 годзе Генадзь Сініцоў паступіў у севастопальскую вайскова-марскую вучэльню і адразу на год быў накіраваны служыць памочнікам матроса на дызэльнай падлодцы, якая базавалася ў Феадосіі.

«Гэтак рабілася, каб маладыя афіцэры флёту набылі досьвед службы з самых нізоў», — тлумачыць падводнік.

«Калі я вучыўся ў Севастопальскай вайскова-марской інжынэрнай вучэльні, нам лекцыі па атамнай фізыцы чытаў малады выкладчык зь Беларусі Станіслаў Шушкевіч», — з гонарам згадвае Генадзь Браніслававіч.

Далей Генадзь Браніслававіч, праўда, стрымана, без асаблівых дэталяў, распавядае пра паход, зьвязаны з гэтак званым «карыбскім крызісам» 1962 году. Тады на загад Хрушчова на Кубе разьмясьцілі ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі, каб пагражаць ЗША, ледзь не дайшло да ўсясьветнай ядзернай вайны. Прэзыдэнт ЗША і кіраўнік СССР змаглі дамовіцца пра ўрэгуляваньне крызісу. Сініцоў тады яшчэ служыў на дызэльнай падлодцы ў Феадосіі.

«Дзякуй богу, ваяваць не давялося, але на нэрвах усім пагулялі. Наша падлодка тады суправаджала баржы з ракетамі, калі іх вярталі з Кубы. Усё рабілася настолькі сакрэтна, што нават капітан ня ведаў, куды ідзём зь Феадосіі. Толькі калі выйшлі ў Міжземнае мора, а потым у Атлянтыку, больш-менш зразумелі, што нас чакае. Але ніхто ані слова насуперак не сказаў, усе разумелі — загад Радзімы!» — кажа Генадзь Сініцоў.

Паводле марака, ягоныя сябры паміж сабой размоваў пра незвычайны паход не вялі, тым больш не абмяркоўвалі, добра ці дрэнна, што Хрушчоў счапіўся з ЗША за Кубу.

«Лічылі, што гэта ня наша справа, у палітыку ня ўлазілі. Але цяпер мяркую, што мы ня мелі рацыі і палітыкай трэба займацца, бо ўсё роўна яна ад нас не адчэпіцца. Ну вось як цяпер у нас у Беларусі. Куды нас хочуць уцягнуць, а нас нават не пытаюцца?» — абураецца Генадзь Браніслававіч, маючы на ўвазе пляны яшчэ шчыльнейшай інтэграцыі з Расеяй.

Аварыі на «Ленінскім камсамоле»: сама меней 39 загінулых

У верасьні 1967 году на атамнай падлодцы «Ленінскі камсамол», якой СССР і яго флёт гэтак ганарыліся, здарыўся пажар. Загінулі 39 чалавек, якія фактычна ўратавалі сьвет ад выбуху ядзерных тарпэд і затапленьня ядзернага рэактара. Генадзь Браніслававіч прыйшоў служыць на «Ленінскі камсамол» неўзабаве пасьля аварыі і добра ведае, з-за чаго яна адбылася, а што толькі чуткі.

«Пажар быў ня ў тым адсеку, дзе я потым служыў, але магу сказаць, што нешта такое магло быць і ў нас. Чаму? Бо на флёце, як і на яго першай атамнай падлодцы, дагэтуль ня вырашаныя дзьве асноўныя праблемы: дрэннае будаўніцтва караблёў і непадрыхтаванасьць ды разгільдзяйства асобных сябраў экіпажу.

Што здарылася? Гідраўліка разьлічаная на высокі ціск, і таму пракладка павінна быць зь медзі, а яе на заводзе зрабілі з плястыку і азбэсту — сьпяшаліся выканаць загад і схалтурылі. У выніку небясьпечныя пары газу праніклі ў адсек, а тут матрос зь лямпачкай з разьбітым каўпаком. Выпадковасьць ці ўсё ж разгільдзяйства? Іскра і пажар.

Каманды двух адсекаў заблякаваліся і пачалі змагацца з агнём, але было адразу зразумела, што ўсе загінуць. Выратаваць іх не было ніякай магчымасьці, бо адчыніш адсек — і агонь пойдзе далей, дойдзе да тарпэдаў, да ядзернай устаноўкі. Ім слава і вечная памяць, што гэтага не адбылося».

Падводны крэйсэр «Ленінскі камсамол» — савецкі атамаход, які ў 1962 годзе ўпершыню ў гісторыі флётаў сьвету праплыў пад ільдамі Арктыкі. Падчас таго паходу падлодка ўсплыла непадалёк ад Паўночнага полюса, і маракі ўсталявалі на лёдзе чырвоны сьцяг. Камандзіру лодкі прысвоілі за гэта званьне Героя Савецкага Саюзу. Мэдаль, ордэн і грамату яму ўручалі асабіста Мікіта Хрушчоў і маршал Радзівон Маліноўскі.

«Канечне, гэта подзьвіг маракоў, але па вялікім рахунку — выпяндрож Мікіты Хрушчова», — так ацэньвае цяпер тыя падзеі былы падводнік Сініцоў.

Ён лічыць, што напрацаваны тады досьвед плаваньня пад тоўстымі пластамі лёду асабліва не спатрэбіўся. Такія паходы ня мелі практычнага сэнсу, былі задарагія і зусім не эфэктыўныя ў ваенным сэнсе.

«Каб адну падводную лодку адправіць за полюс, прыкладна 10 караблёў у надводным стане мусяць забясьпечваць яе паход — дык пра якую скрытнасьць апэрацыі можна казаць? Падчас маёй службы на „Ленінскім камсамоле“ гэтым не займаліся», — згадвае Сініцоў.

Генадзь Сініцоў пацьвярджае, што аварыі на атамнай падлодцы «Ленінскі камсамол» здараліся і пасьля 1967 году, але, кажа, абыходзілася без працёку радыяцыі.

«Такога не было, ва ўсякім разе ў афіцыйных справаздачах. Мы мусілі пра ўсё дакладаць камандаваньню, а значыць, пра гэта рана ці позна даведаліся б на Захадзе. Але не даведаліся, значыць — не было, — кажа Генадзь Сініцоў. — Рознае здаралася, але каб каго сьпісвалі з прычыны радыяцыі — ня памятаю», — кажа падводнік.+

Панізілі ў званьні, выйшаў з КПСС

Паводле Генадзя Сініцова, ён як камандзір адсеку лодкі атрымліваў 340 рублёў заробку. У сярэдзіне 70-х гадоў такія ж грошы зарабляў кіраўнік абласнога гораду. 30% дадавалася за паход, яшчэ 30% — за шкодную службу з улікам радыяцыі. У паходах штодня давалі 100 грамаў чырвонага віна, шакаляд. Дык чаму не застаўся?

Генадзь Сініцоў кажа, што на лодцы яго даволі хутка залічылі ў «апазыцыянэры» за крытыку непарадкаў, але ставіліся з павагай і нават цанілі за прынцыповасьць. А пасьля праз канфлікт з галоўным зампалітам, кажа Сініцоў, «страціў адну зорку» — панізілі ў званьні да капітан-лейтэнанта.

На наступны дзень, кажа Генадзь Станіслававіч, ён падаў заяву аб выхадзе з КПСС, а яшчэ празь некалькі дзён — рапарт аб пераводзе на іншае месца службы. Камандзір атраду падлодак, дзе служыў Сініцоў, перавёў яго на пасаду камандзіра дывізіёну дапаможных і ратавальных суднаў.

«5 катэраў, 5 ратавальных малых суднаў...» — спраўна пералічае Генадзь Сініцоў сваё былое войска і паказвае на карабельны руль і сівыя, як ён сам, кармавыя сьцяжкі. Вось і ўсе памяткі пра ягоную эскадру.

А пра атамаход «Ленінскі камсамол» яшчэ менш — толькі фатаздымак карабля на прычале.

«Але тут ён ужо бяз атамнага рэактара. Дэмантавалі і, хутчэй за ўсё, затапілі ў бухце. Хлусяць, што ўтылізавалі ў іншым месцы», — мяркуе былы падводнік.

Сёмга для крамлёўскіх начальнікаў

Больш за 10 гадоў, як сышоў з падлодкі, Генадзь Сініцоў служыў камандзірам дывізіёна дапаможных і ратавальных суднаў. Згадвае, што турбот таксама хапала. Не праходзіла месяца, каб на якой з лодак, а іх на базе было каля 30, не было якога надзвычайнага здарэньня, у тым ліку і пажараў. Але зь імі, паводле Сініцова, заўсёды ўпраўляліся даволі хутка.

Здараліся, праўда, і ратавальныя апэрацыі, якія штатнымі не назавеш. Адна зь іх вывела яго на сьлед браканьераў.

«Наша база — паміж Мурманскам і Архангельскам, а непадалёк у Белае мора ўпадае рэчка Ёканьга. Там стаялі ракетчыкі, вакол плот з калючым дротам, паўсюль натырканы вышкі і пасты. Гэта яны нас прыкрывалі ад удару NATO з паветра.

Аднойчы, недзе ў канцы траўня, выклікаюць ісьці да Ёканьгі на ратавальным катэры. Пытаюся, што за апэрацыя такая, каму мы там спатрэбіліся? Кажуць, трэба разблытаць рыбалоўныя сеткі. Нічога сабе! Баявы карабель на такое выклікаць?! Аказваецца, там нейкая адмысловая брыгада лавіла сёмгу, што ішла па рацэ на нераст, і ў іх заблыталіся вялікія сеткі.

А сёмга — гэта адна з найлепшых ласасёвых рыб, вельмі каштоўная і карысная. Яе як вылавіш, дык можна адразу намазваць на хлеб і есьці з сольлю, бо такая мяккая, як масла. Празь дзень, як замерзьне, ужо ня тое, а ў першыя гадзіны — смаката, і, кажуць, вельмі карысна для мужчын.

Тыя рыбакі лавілі сёмгу без усялякіх дазволаў, бралі толькі адборных рыбін, пэўнага памеру. Пару тон наловяць, загрузяць у верталёт, і ён адразу ляціць у Маскву. Паміж сабой казалі, што „для крамлёўскіх“, а для каго дакладна, ня ведаю. Толькі лічу, што вайскоўцы без загаду зьверху на такое б не пайшлі, бо аб’ект там звышсакрэтны і без дазволу ніхто б пальцам не паварушыў».

«Сваякі мяне не падтрымліваюць, памяркоўныя»

Пасьля службы на падводным флёце Генадзь Сініцоў мог выбраць для жыцьця любы куток СССР, у тым ліку і цёплы Крым. Але кажа, што нават пытаньня такога для яго не было. Калі вяртацца, дык толькі дамоў, у Беларусь.

«Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», — згадвае былы падводнік бацькаву навуку. Але спачатку жыць у Менску былы марак не захацеў. Каб выбраць месца жыхарства, аб’езьдзіў усю Беларусь. Спыніўся ў Смаргоні, атрымаў там кватэру, кіраваў ЖЭСам, працаваў на філіяле трактарнага заводу. І толькі паўгода, як перабраўся ў сталіцу, бліжэй да дачкі. Пачаў шукаць аднадумцаў, у тым ліку тых, хто падзяляе яго палітычныя погляды.

«Ёсьць адна праблема: мае сваякі мяне не падтрымліваюць. Жонка — прыхільніца Лукашэнкі, дачка таксама адгаворвае, кажа, гэта можа ўсім нашкодзіць. Карацей, яны памяркоўныя, а я не такі. Вось і шукаю аднадумцаў.

Калі разабрацца, я падзяляю погляды Зянона Пазьняка. Толькі за незалежнасьць, за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры, сябраваць, але не аб’ядноўвацца з Расеяй, інакш нас праглынуць, як акула малую рыбку.

Калі даведаўся, што будзе мітынг у абарону незалежнасьці, ані хвіліны не сумняваўся і не баяўся — апрануў форму вайскова-марскога афіцэра і пайшоў. Хай паспрабуюць толькі зачапіць!»

Генадзь Сініцоў спакойна тлумачыць, што Крым, дзе ён калісьці скончыў вучэльню, расейцы мусяць вярнуць Украіне ў любым выпадку. І гэта абавязкова калі-небудзь адбудзецца. Ён верыць, што мірным шляхам, самі аддадуць, інакш украінцам прыйдзецца выганяць іх адтуль са зброяй.

«Беларусы ваяваць бы ня сталі, а ўкраінцы могуць. Цяпер расейцы гэта дакладна ведаюць і, мяркую, адступяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG