Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне гвалтоўна разлучылі з дачкой. Хто мяне абароніць?» Як беларуска спрабуе вярнуць дзіця з Абхазіі


2 чэрвеня 2019 году Ўладзімір М. вывез зь Менску 8-гадовую дачку ў непрызнаную Рэспубліку Абхазія, разлучыўшы дзяўчынку з маці і 5-гадовым братам. Беларускія суды вызначылі, што дзеці мусяць жыць з маці ў Менску. Але добраахвотна бацька дачку не вяртае, а судовыя рашэньні не выконваюцца. І ўсё таму, што Беларусь ня мае дыпляматычных стасункаў зь непрызнанай тэрыторыяй.

Свабода разьбіралася, як геапалітычны канфлікт стаў прычынай сямейнай драмы.

Дзеці маюць беларускае грамадзянства

10 гадоў таму мянчанка Настасься выйшла замуж. Яе выбраньнік Уладзімір нарадзіўся і жыве ў Абхазіі, у горадзе Гагра. Маці ў яго беларуска, бацька — армянін. У1992 годзе, калі пачалася вайна паміж Абхазіяй і Грузіяй, Уладзімір прыехаў на радзіму маці ў Беларусь, атрымаў беларускае грамадзянства.

У Настасьсі і Ўладзіміра нарадзілася двое дзяцей — у 2011 годзе дачка, у 2014 — сын. Дзеці нарадзіліся ў Менску, маюць беларускае грамадзянства. Сям’я пераехала жыць у непрызнаную Рэспубліку Абхазію, дзе Ўладзімір працуе супрацоўнікам Цэнтру спэцыяльнага прызначэньня Службы дзяржаўнай бясьпекі.

«Служыў ён за 111 кілямэтраў ад Гагры, дарога да месца службы — сэрпантын. Уладзімір зьяжджаў на працу на 5 дзён, вяртаўся да сям’і ў Гагру толькі на выходныя. Дзеці і гаспадарка былі фактычна на мне. Сямейнае жыцьцё не заладзілася, муж пагражаў, прыніжаў мяне. Калі ён падняў на мяне руку пры дзецях і стала зусім невыносна, я вярнулася ў Менск, дзе жыве мая мама», — апавядае пра сваё сямейнае жыцьцё Настасься.

Уладзімір абвінаваціў Настасьсю ў тым, што яна выкрала дзяцей

Праз тыдзень Уладзімір прыехаў у Менск. Паводле Настасьсі, яна хацела пагаварыць, яшчэ раз паспрабаваўшы захаваць адносіны і сям’ю.

«Але размовы не атрымалася. Ён загадаў нам вярнуцца ў Абхазію. Калі я адмовілася, пагражаў, крычаў, пагражаў забіць маіх сваякоў і казаў, што ўсё адно адбярэ дзяцей. Паехаў у Гагру ні з чым. Зь верасьня 2018-га да чэрвеня 2019 году, цягам 9 месяцаў, ні капейкі на ўтрыманьне дзяцей не прысылаў, імі не цікавіўся. Затое мне і маім блізкім зноў пачаў пагражаць забойствам. Мы кантактавалі праз мэсэнджары, я маю ўсе доказы, скрыншоты перапісак, аўдыёзапісы размоў», — кажа Настасься.

1 чэрвеня 2019 году Ўладзімір прыехаў у Менск, прасіў прабачэньня, казаў, што сумуе па дзецях. У той дзень яны ўсе разам учацьвярых, зь дзецьмі, гулялі па Менску. На наступны дзень у малодшага сына паднялася тэмпэратура, Настасься вымушана была застацца дома. А Ўладзімір сказаў, што хоча пагуляць са старэйшай дачкой.

«Ён добраахвотна ў якасьці закладу, што яны хутка вернуцца, пакінуў мне абхаскі і расейскі пашпарты. Да таго ж у мяне былі ўсе дакумэнты дзяцей, пасьведчаньні аб нараджэньні, пашпарты.

Спачатку Ўладзімір выйшаў з дачкой і роварам, потым ровар прывезьлі дадому. Зноў пайшлі гуляць. Некалькі гадзін на тэлефонныя званкі і паведамленьні Настасьсі Ўладзімір не адказваў. А потым прыслаў па мэсэнджары WhatsApp паведамленьне, што вывозіць дачку зь Беларусі ў Абхазію і патрабуе, каб я ехала за імі сьледам з сынам», — кажа Анастасія.

Жанчына адразу ж зьвярнулася ў міліцыю, прыйшоў участковы. Потым пачаліся бясконцыя звароты ў праваахоўныя органы Беларусі, Расеі, Абхазіі, суды ў Беларусі.

Уладзімір М. на просьбу Радыё Свабода расказаць, што адбылося, адказаў: «Без камэнтароў» і разьвітаўся.

Від на Гагру
Від на Гагру

Дачку ня бачыла з 2 чэрвеня

Настасься кажа, што спачатку муж не даваў дачцэ гаварыць зь ёй, калі яна тэлефанавала. На Новы год Настасься перадала дачцэ падарунак, смартфон, цяпер яны кантактуюць праз Viber i WhatsApp.

Дзяўчынка ў Гагры ходзіць у школу. Але даглядаць яе асабліва няма каму — бацька пастаянна на службе, бабуля Сашы працуе.

Настасься лічыць, што вываз непаўналетняй дзяўчынкі, грамадзянкі Беларусі, насуперак яе волі і волі маці на тэрыторыю іншай дзяржавы, без дакумэнтаў, па якіх дазволена перасякаць мяжу, зьяўляецца незаконным перамяшчэньнем і незаконным утрыманьнем.

На пытаньне, як Уладзіміру ўдалося вывезьці дачку без дакумэнтаў, бяз рэчаў, у адной летняй сукенцы, Настасься адказала, што ў Абхазіі Ўладзімір мае шмат сваякоў у сілавых структурах. Ягоны бацька — былы віцэ-сьпікер парлямэнту, а там вельмі моцныя сямейныя і сяброўскія сувязі. Таму бацька без праблем зрабіў абхаскую копію пасьведчаньня аб нараджэньні, вывез дзяўчынку праз Расею, зь якой у Беларусі празрыстая мяжа. Даехаў да Сочы, а там па абхаскіх дакумэнтах перасёк мяжу з Абхазіяй і прывёз дачку ў Гагру.

Цяпер Уладзімір пагражае вывезьці ў Абхазію і малодшага сына

За гэты час у Беларусі адбылося некалькі судоў — у Ганцавічах (па месцы рэгістрацыі Ўладзіміра, які мае таксама і беларускае грамадзянства), і ў Менску. Усе судовыя рашэньні прынятыя на карысьць Настасьсі.

У жанчыны ёсьць судовае рашэньне ад 25 чэрвеня 2019 году аб разводзе з Уладзімірам, і ад 6 жніўня, дзе месцам пражываньня непаўналетніх дзяцей вызначана месца пражываньня іхнай маці, гэта значыць Менск. А на Ўладзіміра ўскладзеныя абавязкі вярнуць дачку маці і выплачваць алімэнты на ўтрыманьне дзяцей у памеры 33% ад заробку.

Аднак гэтыя судовыя рашэньні ня выкананыя.

«Вярнуць дзяўчынку не ўяўляецца магчымым», — МЗС Беларусі

Настасься напісала дзясяткі зваротаў, скаргаў у праваахоўныя органы Беларусі — у Генэральную пракуратуру Беларусі, у Міністэрства замежных спраў, Міністэрства юстыцыі, Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС, у Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі, у Пракуратуру Фрунзэнскага раёну Менску. У яе цэлая тэчка адпісак.

Настасься патрабавала абвесьціць дачку ў вышук, завесьці крымінальную справу на былога мужа за ўтрыманьне дзіцяці, за нявыплату алімэнтаў. Аднак УУС Фрунзэнскага раёну Менску ёй адмовіла «ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях Уладзіміра складу злачынства»: маўляў, вядома, дзе дзяўчынка пражывае — з бацькам у Гагры.

З МЗС Беларусі з подпісам начальніка Галоўнага консульскага ўпраўленьня А.Ф.Хайноўскага Настасьсі прыйшоў адказ:

«Грузія не прызнае незалежнасьці Абхазіі. Афіцыйная пазыцыя Рэспублікі Беларусь заключаецца ў падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ў межах прызнаных міжнароднай супольнасьцю межаў. З прычыны непадкантрольнасьці тэрыторыі Рэспублікі Абхазіі ўладам Грузіі судзеяньне грузінскага боку ў вяртаньні непаўналетняй дзяўчынкі ў Рэспубліку Беларусь не ўяўляецца магчымым».

Далей МЗС раіць Настасьсі спрабаваць вярнуць дачку з дапамогай расейскіх уладаў. Бо Расейская Фэдэрацыя мае дыпляматычныя адносіны з Абхазіяй і больш прававых магчымасьцяў для ўзаемадзеяньня зь ёй. І спасылаецца на Канвэнцыю аб прававой дапамозе і прававых адносінах у грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 году, на іншыя дакумэнты.

Падобны адказ Настасься атрымала і з Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Жанчына перажывае, што былы муж можа забраць сына зь дзіцячага садка і таксама вывезьці ў Абхазію. Яна напісала заяву ў садок, каб нікому, акрамя маці, выхавальнікі не аддавалі дзіця.

«У размовах па тэлефоне, калі я запыталася, як мне абараніць другое дзіця, супрацоўнік Генпракуратуры Аляксей Аляксандравіч Падвойскі адказвае, што нічым дапамагчы яны мне ня могуць, і раіць: „Зьмяніце месца жыхарства, найміце ахову“».

З адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Настасьсі паведамілі, што «закранутыя ёй пытаньні не адносяцца да кампэтэнцыі адміністрацыі прэзыдэнта».

«У гэтай сувязі былі дадзеныя даручэньні пракуратуры і Міністэрству юстыцыі для прыняцьця магчымых захадаў рэагаваньня», — тлумачыцца ў адказе.

Абхазія — непрызнаная Беларусьсю дзяржава

А праблема ў тым, што Рэспубліка Абхазія — часткова прызнаная дзяржава, абвешчаная падчас грузіна-абхаскага канфлікту, пік якога прыпаў на жнівень 2008 года. Расея тады ўвяла ў Абхазію свае войскі. Баявыя дзеяньні працягваліся пяць дзён. Праз два тыдні незалежнасьць Абхазіі прызнала Расейская Фэдэрацыя, пасьля чаго Грузія разарвала дыпляматычныя стасункі з Расеяй. Акрамя Расеі, Абхазію прызналі ўсяго тры краіны ў сьвеце: Вэнэсуэла, Нікарагуа і Науру (востраў у Ціхім акіяне).

Грузінскія ўлады лічаць непрызнаную рэспубліку «тэрыторыяй, акупаванай Расеяй», і пранікненьне туды бяз спэцдазволу прызнаюць незаконным.

Пакінуты чыгуначны вакзал у Гагры
Пакінуты чыгуначны вакзал у Гагры

Аднак расейцы і беларусы спакойна заяжджаюць у Абхазію з тэрыторыі Расеі, штампаў на мяжы не ставяць, візаў ня ўклейваюць.

Рэспубліка Беларусь падтрымлівае дыпляматычныя адносіны толькі з Грузіяй.

Хоць Абхазія не адзін раз зьвярталася да афіцыйных уладаў Беларусі аб прызнаньні яе незалежнасьці, Аляксандар Лукашэнка ў 2013 годзе заявіў, што быў амаль гатовы прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, але толькі пры ўмове, што Расея разьдзеліць зь Беларусьсю ўсе наступствы. Паводле Лукашэнкі, тагачасны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў нічога дакладнага не адказаў, на Беларусь пачаў ціснуць Захад, і Беларусь у выніку так і не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

І як вырашаць спрэчныя пытаньні ў сямейных, грамадзянскіх справах, ніхто ня ведае.

Адвакат Настасьсі афіцыйна легалізаваў даверанасьць, каб дзейнічаць у Абхазіі. Ён пракансультаваўся з судовым прыставам з Гагры. Яму патлумачылі, што рашэньні беларускага суду будуць разглядацца як рашэньні суду замежнай дзяржавы і ня будуць выконвацца на тэрыторыі Абхазіі. Бо ў Беларусі няма дыпляматычных стасункаў з Абхазіяй.

І што без падтрымкі Расеі Настасься ня мае шанцаў.

Мяжа з Абхазіяй
Мяжа з Абхазіяй

Расея дапамагаць ня хоча, раіць наўпрост зьвяртацца да Абхазіі

Настасься абураецца, што дзяржава ня толькі не абараняе яе як грамадзянку Беларусі, але і не прапанавала ніякага альгарытму далейшых дзеяньняў.

«Дзяржава Беларусь не дала мне ніводнага дакладнага адказу і нічым не дапамагла. Я прасіла, каб наша МЗС, пракуратура зрабілі запыты ў Расею, каб мне дапамаглі расейскія афіцыйныя структуры. Але на любы зварот былі адказы: „Мы ня ведаем, гэта нельга“. Мне не даюць дакладных адказаў, я нібыта першапраходзец...

Я прасіла, каб мне падказалі альгарытм дзеяньняў, што рабіць у маёй сытуацыі. Усе разводзяць рукамі — „Ня ведаем“. Я дайшла да Адміністрацыі прэзыдэнта, не дайшла толькі да аднаго чалавека, самага галоўнага», — уздыхае жанчына.

Настасься асабіста пісьмова зьвярталася ў Фэдэральную службу бясьпекі Расеі, адтуль яе «адфутболілі» ў Фэдэральную міграцыйную службу.

Адзінае, чаго яна дамаглася праз Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, — каб яе дзяцей унесьлі ў агульныя памежныя базы Беларусі і Расеі з пазнакай, што выезд за мяжу магчымы толькі з дазволу маці.

«Але мяжа з Расеяй празрыстая. Мой былы муж без праблем вывез у Расею дачку, пагражае такім жа чынам вывезьці і малодшага сына».

Напісала жанчына пісьмовы зварот і да Ўпаўнаважанай у правах дзіцяці РФ Ганны Кузьняцовай яшчэ ў верасьні — адказу дагэтуль няма.

Міністэрства замежных спраў Расеі таксама нічым не дапамагло і параіла Настасьсі наўпрост зьвяртацца да ўладаў Абхазіі.

Спрабавала жанчына дзейнічаць і праз установы Саюзнай дзяржавы, але, паколькі яна мае абхаскае грамадзянства, ёй параілі наўпрост зьвяртацца да абхаскіх уладаў.

Усе разводзяць рукамі — і афіцыйныя ўлады, і праваабаронцы

Свабода зьвярнулася да беларускіх праваабаронцаў з просьбаў параіць Настасьсі, як дзейнічаць у яе сытуацыі.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітры Чарных кажа, што з такімі сытуацыямі яны не сутыкаліся.

«Магчыма, трэба дзейнічаць праз Эўрапейскі суд у правах чалавека, які можа прызнаць, што тут юрысдыкцыю ажыцьцяўляе Расея, якая мае дыпляматычныя адносіны і Канвэнцыю з Абхазіяй.

Ёсьць яшчэ некалькі варыянтаў: яшчэ раз зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі Беларусі з просьбай, каб яно афіцыйна зьвярнулася да Міністэрства юстыцыі РФ аб садзейнічаньні ў выкананьні рашэньняў беларускага суду, бо Расея мае пагадненьне з Абхазіяй.

Зноў спрабаваць завесьці крымінальную справу на свайго былога мужа, абскарджваць пастанову пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску ў вышэйшых інстанцыях — каб не дапусьціць адабраньня другога дзіцяці, каб бацька падманным шляхам ня вывез яго праз празрыстыя межы», — раіць праваабаронца БХК Дзьмітры Чарных.

Старшыня праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі таксама кажа, што сытуацыя складаная і як Настасьсі адстойваць свае законныя правы на дзіця, сказаць цяжка.

«Пастваралі пазазаконныя зоны — з Абхазіяй, Прыднястроўем, Паўднёвай Асэтыяй. І разводзяць рукамі ў шматлікіх пытаньнях — і крымінальных, і адміністрацыйных, і сямейных», — кажа Алесь Бяляцкі.

Настасься ў адчаі, і галоўнае, што яе непакоіць — былы муж пагражае вывезьці малодшага сына.

«Да каго я магу зьвярнуцца, хто можа абараніць мае правы як грамадзянкі Беларусі? Мяне гвалтоўна разлучылі з маёй дачкой, сястру разлучылі з маленькім братам. Чаму не выконваюцца судовыя рашэньні?» — задае рытарычныя пытаньні Настасься.

«Я грамадзянка гэтай дзяржавы, і дзяржава павінна бараніць сваіх грамадзян», — перакананая яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG