Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Савецкі калябарант» — навукоўцам году ў Акадэміі навук


Аляксандар Каваленя (зьлева) на Кангрэсе беларускай культуры ў Менску, 2016 год.
Аляксандар Каваленя (зьлева) на Кангрэсе беларускай культуры ў Менску, 2016 год.

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

8 студзеня Аляксандар Лукашэнка прысудзіў прэміі «За духоўнае адраджэньне». Сярод ляўрэатаў — гісторык Аляксандар Каваленя. Раней прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі назваў Каваленю «навукоўцам году».

Для беларускай гістарычнай навукі гэта ня добрая навіна ці падстава для гонару, а зусім наадварот. Бо Аляксандр Каваленя — аўтар шматлікіх працаў з гісторыі Другой усясьветнай вайны, партызанскага руху і калябарацыі — папраўдзе зьяўляецца не гісторыкам, а ідэолягам-прапагандыстам.

Ён рэалізатар устаноўкі А. Лукашэнкі на стварэньне нацыянальнай эрзац-ідэалёгіі ў форме псэўдагісторыі Другой усясьветнай вайны ў савецка-камуністычна-расейскім духу. Сярод гісторыкаў гэтую асобу называюць «савецкім калябарантам».

Больш за тое, «член-карэспандэнт, акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў» Аляксандар Каваленя якраз у 2019 годзе «засьвяціўся» адыёзнымі публічнымі заявамі і ня менш адыёзным артыкулам пра канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі. Па ягонай схеме, за Беларусь змагаўся ня наш зямляк, да таго ж герой францускай і амэрыканскай рэвалюцыяў Тадэвуш Касьцюшка, а цемрашальскі расейскі генэрал Аляксандар Сувораў: («калі б Сувораў не разьбіў Касьцюшку, то не было б ніякай Беларусі»).

І пасьля такой публічнай кампрамэтацыі прэзыдыюм Акадэміі навук дэманстратыўна абраў яго «навукоўцам году». І гэта сыгнал, сьведчаньне і сымптом сёньняшняга стану нашай Акадэміі навук. А менавіта нікчэмнасьці яе кіраўніцтва — як грамадзянскай, так, падазраю, і навуковай. Сярод сотняў і тысяч сваіх супрацоўнікаў сябры Прэзыдыюму ня здолелі, дакладней, не захацелі выбраць і ўшанаваць сапраўднага навукоўца. Такая публічная дэманстрацыя сэрвілізму перад уладай, прыніжае ня толькі Прэзыдыюм, але і ўсю акадэмічную супольнасьць.

Бо калі ў Нацыянальнай Акадэміі навук навукоўцам году становіцца чалавек, далёкі ад навукі, то лягічна ўзьнікае пытаньне, што гэта за Акадэмія такая і якіх яна навук?

І чыста чалавечае пытаньне да экспэртаў: прафэсараў, акадэмікаў, што рабілі выбар: навошта людзям, якія маюць вартасьць як навукоўцы-прафэсіяналы, прагінацца нават там, дзе гэтага не патрабуюць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG