Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча пагуляць у старую гульню з новымі гульцамі, — Foreign Policy


Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін
Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін

Візыт дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо ў Менск, часова адкладзены праз падзеі ў Іраку, зьяўляецца сыгналам, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе «гуляць у старую гульню з новымі гульцамі».

Гэтак лічыць Рыд Стэндыш, карэспандэнт амэрыканскага часопісу Foreign Policy, які, у сувязі з ціскам Крамля на Менск падпісаць пагадненьне аб паглыбленай інтэграцыі, піша:

«У абліччы гэтага штораз большага выкліку, беларускі кіраўнік уключыў новыя зьменныя ў сваю выпрабаваную формулу стратэгічнай перастрахоўкі і ператварыў Беларусь у важную лінію фронту на тле паглыбленьня суперніцтва і ўзмацненьня канкурэнцыі паміж Расеяй, ЗША і Кітаем».

Аўтар адзначае штораз большую эканамічную прысутнасьць Кітаю ў Беларусі і выразнае пацяпленьне беларускага амэрыканскіх адносін у апошнім часе як спробы Менску балянсаваць уплыў Масквы:

«Для Пэкіну… Беларусь пазыцыянуе сябе як важную пускавую пляцоўку на парозе Эўразьвязу для ініцыятывы кітайскага кіраўніка Сі Цзіньпіна „Адзін пояс і адзін шлях“. Кітай становіцца штораз большым патронам Беларусі, адкрыўшы крэдытная лінію на суму 15 мільярдаў даляраў і выдзеліўшы крэдыт у памеры 500 мільёнаў даляраў у мінулым месяцы пасьля таго, як аналягічны крэдыт з Масквы быў прыпынены на тле інтэграцыйных перамоваў. Адносіны са Злучанымі Штатамі таксама пачалі адтайваць. У жніўні тагачасны дарадца нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан наведаў Беларусь, а ў верасьні Вашынгтон і Мінск абвясьцілі аб абмене амбасадарамі пасьля дзесяцігадовага перапынку ў дыпляматычных адносінах».

Ці «старая гульня з новымі гульцамі» дасьць Лукашэнку чаканыя бонусы? У гэтым кантэксьце Рыд Стэндыш цытуе Кэна Ялавіца, амбасадара ЗША ў Беларусі ў 1994—1994 гг. Ялавіц называе беларускага кіраўніка «здольным маніпулятарам», які ўмее «карыстацца стратэгічным разьмяшчэньнем Беларусі».

«Лукашэнка — не рафінаваны стратэг, але ён ведае, як захаваць уладу і выжыць. Я чакаю, што ён будзе працягваць шукаць спосабы выжываньня», — сказаў Ялавіц выданьню Foreign Policy.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG