Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 100 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця


 Акумулятрны завод
Акумулятрны завод

Каля ста чалавек у чарговы раз сабраліся сёньня на плошчы Леніна ў Берасьці, каб абмеркаваць пачатак разгляду ў эканамічным судзе пазову аблвыканкама да ТАА «АйПауэр» аб вяртаньні грашовых сродкаў інавацыйнага фонду.

Міліцыя праз мэгафон папярэджвала аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі, паведамляе БелаПАН.

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода абмеркавалі пачатак разгляду ў эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці пазову аблвыканкама да ТАА «АйПауэр» аб вяртаньні грашовых сродкаў інавацыйнага фонду.

Берасьцейскі аблвыканкам просіць суд спагнаць з ТАА «АйПауэр» больш за 5 мільёнаў 725 тысяч рублёў у інавацыйны фонд, бо кампанія ня выканала свае абавязацельствы па дамове: ня быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтву і ўводу ў эксплёатацыю акумулятарнага завода.

Праціўнікі завода лічаць, што «АйПауэр» павінен вярнуць грошы ў бюджэт. Актывіст Аляксандар Марачэўскі сказаў, што цяпер цяжка прагназаваць, якое будзе вынесена рашэньне суда, але ўжо па тым, як паводзяць сябе прадстаўнікі завода можна зразумець, што «ў іх вельмі высокія заступнікі».

Паводле актывіста Зьмітра Андрасюка, які прысутнічаў на судовым паседжаньні, аблвыканкам заявіў хадайніцтва аб разглядзе пазову ў закрытым пасяджэньні.

Дзьмітры Андрасюк каля завода па вырабе акумулятараў 26 верасьня
Дзьмітры Андрасюк каля завода па вырабе акумулятараў 26 верасьня

Судзьдзя адхіліў гэтае хадайніцтва, але забараніў прысутным весьці аўдыёзапіс. Андрасюк не выключае, што наступнае судовае паседжаньне будзе закрытым.

«Відаць, чыноўнікі баяцца, што іх „вушакі“ вылезуць вонкі», — так ён пракамэнтаваў хадайніцтва аблвыканкама зрабіць суд закрытым. Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода традыцыйна прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця.

Асноўнае судовае паседжаньне па пазове прызначана на 14 студзеня.

17 сьнежня на папярэднім паседжаньні па пазове былі заслуханыя пазыцыі пазоўніка і адказчыка. Прадстаўнік ТАА «АйПауэр» не пагадзіўся з пазыцыяй аблвыканкама і заявіў, што крайні тэрмін уводу завода ў эксплёатацыю — другі квартал 2020 года. Пры гэтым ён спасылаўся на інвэстыцыйную дамову ад 2017 года.

Берасьцейскі аблвыканкам спасылаецца на інавацыйную дамову ад 2016 года. Паводле яе завод павінны былі пабудаваць і запусьціць да 31 ліпеня 2019 года. Інвэстыцыйная і інавацыйная дамовы былі заключаны паміж Берасьцейскім аблвыканкамам і ТАА «АйПауэр».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG