Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк сказаў, што перамовы аб цане на расейскі газ для Беларусі працягваюцца.
Яны ідуць з расейскімі дзяржаўнымі і структурамі гаспадараньня «ў рамках дамоўленасьцяў, вызначаных на сустрэчы кіраўнікоў абедзьвюх краін».
«Наш падыход вядомы — стварыць роўныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадараньня на інтэграцыйнай прасторы. Перамовы працягваюцца, і думаю, што да канца году будзе яснасьць наконт і цаны, і ўсіх іншых справаў», — сказаў Міхаіл Міхадзюк, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму цаны дагэтуль няма і чаму ў канцы году заўсёды ўзьнікаюць праблемы ды ідуць складаныя перамовы.
Міхадзюк ня ўзяўся прагназаваць, якою будзе цана на газ. Маўляў, спэцыялісты працуюць у гэтым кірунку. З уводам двух энэргаблёкаў Беларускай АЭС аб’ём прыроднага газу для вытворчасьці цеплавой і электрычнай энэргіі ў энэргасыстэме краіны скароціцца прыкладна на 60%.
Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў заявіў журналістам, што перамовы зь Менскам пра цэны на газ для Беларусі на 2020 год вядуцца па-за пакетам дарожных мапаў інтэграцыі, паведамляе Інтэрфакс. Паводле Мезенцава, «узаемапрымальны фармат» будзе прыняты найбліжэйшым часам.
Прэзыдэнты Беларусі і Расеі 8 сьнежня ў Сочы абмеркавалі цэны на энэрганосьбіты на 2020 год.
Паводле пасла Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі, пытаньне цаны расейскага газу для Беларусі павінна вырашыцца цягам двух тыдняў.
Тэрмін дзеяньня дамоўленасьцяў аб цане на газ ад 2017 году ($129 і $127 за 1 тыс. кубамэтраў у 2018 і 2019 гадах адпаведна) заканчваецца ў сьнежні.
Раней прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заяўляў, што Менск разьлічвае, што цана расейскага газу для Беларусі будзе на ўзроўні цаны ў Смаленскай вобласьці Расеі.