Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падтрымаў футбаліста Раман Зазулю пасьля абраз у адрас спартоўца падчас матчу паміж камандамі «Раё Вальлекана» і «Альбасэтэ» у Іспаніі.
«Раман Зазуля, цябе падтрымлівае ня толькі твая каманда, цябе падтрымлівае ўся Украіна! Ты ня толькі клясны футбаліст, ты сапраўдны патрыёт, які любіць сваю краіну і дапамагае нашым вайскоўцам», — напісаў Зяленскі ў фэйсбуку. У адказ гулец напісаў «вялікі дзякуй» па-расейску.
У нядзелю падчас матчу другога дывізіёну Гішпаніі, дзе ўкраінец выступае за клюб «Альбасэтэ», заўзятары каманды-суперніка «Раё Вальекана» сталі скандаваць: «Зазуля, ты нацыст». У выніку гульцы «Альбасэтэ» адмовіліся выходзіць на другі тайм, а судзьдзя вырашыў перанесьці гульню. Журналісты сьцьвярджаюць, што ў распранальні ўкраінскі футбаліст заплакаў. Прэзыдэнт «Раё Вальлекана» асудзіў дзеяньні фанатаў.
Міністэрства замежных спраў Украіны заявіў, што нападкі на футбаліста сугучныя са штампамі расейскай прапаганды.
У лютым 2017 года ўкраінскі форвард перайшоў на правах арэнды ў «Раё Вальлекана», аднак быў вымушаны пакінуць новую каманду ўсяго праз суткі. Фанаты скрытыкавалі яго за падтрымку ўкраінскай арміі ва ўзброеным канфлікце на Данбасе. У сацыяльных сетках зьяўляліся фота футбаліста ў вайсковай форме і з аўтаматам. А на яго футболцы была стылізаваная выява герба Ўкраіны — трызубца. Раман Зазуля адхіліў абвінавачваньні ў сувязях з ультраправых нацыяналістамі. У верасьні таго ж году Зазуля стаў нападнікам «Альбасэтэ».