У Міжнародны дзень правоў чалавека ў Менску адкрылася выстава, прысьвечаная праблеме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Арганізаваць выставу дапамагло брытанскае пасольства.
Што паглядзець на выставе
- «Апошні кат Эўропы». Сэрыя малюнкаў усясьветна прызнанага мастака-рэпартэра і ілюстратара Джорджа Батлера. За сюжэтамі і вобразамі ён адмыслова прыяжджаў у Беларусь.
- «Вышэйшая мера пакараньня». Сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».
Амбасадарка Вялікай Брытаніі Жаклін Пэркінс (Jacqueline Perkins) падчас адкрыцьця адзначыла, што ва ўсім сьвеце даводзіцца абараняць чалавечую годнасьць, змагацца за правы чалавека.
«Права на жыцьцё — адно з асноўных правоў чалавека. Эмацыйны складнік рэакцыі на сьмяротнае пакараньне зразумелы, але здараюцца і судовыя памылкі.
Сёньня мы адкрываем выставу, якая яшчэ раз прымушае нас падумаць, узгадаць, што азначае страціць блізкага чалавека. Я перакананая, што Беларусь далучыцца да вялікай большасьці краінаў, якія адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня», — сказала амбасадарка Злучанага Каралеўства.
Выстава месьціцца ў адукацыйнай прасторы «Тэрыторыя правоў». Каб яе наведаць, трэба дамовіцца з адміністратарам пляцоўкі праз тэлефон +375 44 716-59-93.
- Найбліжэйшы даступны час — 14 і 15 сьнежня з 13:00 да 18:00.
- Адрас — Ложынская вуліца, 16, памяшканне 404 (мікрараён Уручча).
- Тэрмін працы выставы — 1 месяц.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).