Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«57% — за саюз». Ці можна верыць дадзеным маскоўскіх сацыёлягаў пра стаўленьне беларусаў да Расеі


Беларуска-расейская мяжа
Беларуска-расейская мяжа

57% беларусаў за саюз з Расеяй, 31% — за партнэрскія адносіны з РФ — такія вынікі былі атрыманыя сацыёлягамі Цэнтру прасторавага аналізу міжнародных адносінаў Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў.

Некаторыя дадзеныя дасьледаваньня былі апублікаваныя ў «Коммерсанте», сёньня на сайце МГИМО зьявілася больш падрабязная справаздача.

Паводле дасьледчыкаў Цэнтру, апытаньне было праведзенае ў Беларусі пасьля выбараў 17 лістапада праз тэлефоны, было зроблена 7 тысячаў тэлефанаваньняў, атрымана 500 цалкам запоўненых анкетаў.
Дасьледаваньне рабілі ў межах праекту, падтрыманага ўрадавым Расейскім навуковым фондам.

На пытаньне аб найбольш прымальных адносінах Беларусі з РФ 57.6% рэспандэнтаў абралі саюзьніцкія адносіны, 31.8% — партнэрскія, 10% — нэўтральныя, 0.2% — варожыя.

У найбольшай ступені за саюзьніцкія адносіны выказаліся жыхары Гомельскай (69%), Берасьцейскай (67%) і Горадзенскай (62%) вобласьцяў. Менск даў мінімум тых, хто выбраў саюзьніцкія адносіны (38.9%) і максымум выбару на карысьць нэўтральных адносінаў (18%).
0.2% за варожыя адносіны — гэта насамрэч меркаваньне ўсяго аднаго менчука з 500 апытаных.

Падчас апытаньня высьвятлялася, ці фігуравала пытаньне адносінаў Беларусі і Расеі ў сёлетняй выбарчай кампаніі. Каля 40% апытаных адказалі адмоўна, толькі кожны дзясяты апытаны адзначыў, што гэтая тэма падчас кампаніі абмяркоўвалася шмат. Цікава, што ў Менску доля станоўчых адказаў была ніжэйшай, чым па краіне ў цэлым — толькі 5% менчукоў сказалі, што тэма шмат абмяркоўвалася падчас кампаніі.

30% апытаных адзначалі, што акцэнт кандыдатаў на пазытыўнае разьвіцьцё стасункаў з Расеяй падвышала іх сымпатыі да такіх кандыдатаў. Асабліва істотным такое стаўленьне было ў Віцебскай вобласьці (40%), у найменшай ступені — у Менскай і Горадзенскай вобласьцях ( па 18%).

Аднак дзьве траціны ўсіх рэспандэнтаў паведамілі, што стаўленьне кандыдатаў да стасункаў з Расеяй не паўплывала на іх выбар.

Дасьледчыкі МГИМО задавалі таксама пытаньне пра мовы агітацыйнай кампаніі. 75% адказалі, што яна вялася пераважна на расейскай, больш за 20% — на беларускай і расейскай пароўну, і 3.6% адказалі, што агітацыя вялася пераважна на беларускай. Сацыёлягі адзначаюць, што ў гэтым пытаньні не было вялікіх рэгіянальных адрозьненьняў, акрамя Менску, дзе агітацыю пераважна на расейскай адзначылі 86% (больш чым на 10 адсоткавых пунктаў больш, чым па краіне ў сярэднім).

На пытаньне пра частату паездак у Расею 21.4% апытаных сказалі, што езьдзяць у РФ некалькі разоў на год, 55.4% — раз на год і радзей і 23% — што ніколі не бывалі ў Расеі.

Часьцей за ўсё Расею наведваюць жыхары памежных вобласьцяў —Гомельшчыны і Магілёўшчыны, а таксама сталіцы. Менш за ўсіх езьдзяць у Расею берасьцейцы і горадзенцы.

Большасьць рэспандэнтаў (55.6%) назвалі пераважнай крыніцай інфармацыі пра Расеі інтэрнэт. 21.2% — расейскія тэлеканалы і газэты, 12.4% — беларускія тэлеканалы і газэты.

У справаздачы аб дасьледаваньні сацыёлягі Цэнтру прасторавага аналізу міжнародных адносінаў Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў МГИМО адзначаюць, што ў параўнаньні, скажам, з Украінай, у Беларусі не назіраецца значнай рэгіянальнай палярызацыі поглядаў у адносінах да будучыні яе адносін з Расеяй.

Камэнтар аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста

Варта адзначыць некалькі асаблівасьцяў дасьледаваньня. На сайце Цэнтру паведамляецца, што ён быў створаны сёлета на базе двух структурных падразьдзяленьняў МГИМО. Пры гэтым сайт не ўтрымлівае зьвестак пра правядзеньне яго камандай у мінулым менавіта сацыялягічных апытаньняў. Так выглядае, што гэта дэбют. Прынамсі, дасьледчыкі не прапануюць параўнаць дадзеныя іх сёлетняга апытаньня зь якімі б то ні было дадзенымі папярэдніх апытаньняў. Тэлефоннае апытаньне — навацыя для Беларусі, здаецца, ніхто раней у Беларусі іх не праводзіў.

Магчыма, асаблівасьцямі менавіта такога віду апытаньня тлумачыцца велізарная розьніца паміж агульнай колькасьцю апытаных — 7 тысячаў — і выніковай колькасьцю поўных анкетаў — 500. Можна меркаваць, што многія рэспандэнты адмаўляліся адказваць прынамсі на некаторыя пытаньні ад невядомых людзей па тэлефоне.

Такое вялікае адрозьненьне можа тлумачыцца таксама жаданьнем дасьледчыкаў забясьпечыць рэпрэзэнтатыўнасьць вынікаў. У іх справаздачы адзначаецца, што выбарка была прадстаўнічай па полаваўзроставай структуры. Хаця ўзровень тэлефанізацыі Беларусі вельмі высокі, усё ж сярод уладальнікаў тэлефонаў доля людзей сталага веку ніжэй, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Акрамя таго, людзі сталага веку менш схільныя адказваць па тэлефоне на палітычныя пытаньні, чым насельніцтва ў сярэднім.

У выніку сярод тых, хто адказаў на пытаньні інтэрвіюераў, доля людзей сталага веку мусіла аказацца ніжэйшай, чым яна ёсьць у грамадзтве насамрэч. Таму, магчыма, для забесьпячэньне прадстаўнічасьці выніковай выбаркі сацыёлягам давялося зьменшыць выбарку, выключыўшы зь яе частку больш маладых рэспандэнтаў.

Што да зьмястоўнага боку апытаньня, то ў беларускім друку і ў сацыяльных сетках ужо выказвалася крытыка вынікаў гэтага дасьледаваньня, адзначалася, што дасьледчыкі шчыльна зьвязаныя з расейскай уладай, МГИМО — навучальны цэнтар расейскага міністэрства замежных справаў.

Аднак варта адзначыць, што вынікі гэтага дасьледаваньня насамрэч шмат у чым блізкія да вынікаў дасьледаваньняў беларускіх незалежных сацыёлягаў.

Паводле цяперашняга лістападаўскага апытаньня расейскіх сацыёлягаў амаль 90% апытаных выказаліся за саюзьніцкія ці партнэрскія адносіны Беларусі з Расеяй. Пры гэтым у жнівеньскім апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні пад кіраўніцтвам Андрэя Вардамацкага на пытаньне аб пажаданых варыянтах адносінаў Беларусі з Расеяй былі атрыманыя наступныя адказы:

  • Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, без віз і мытняў — 75.6%,
  • Адносіны Беларусі і Расеі павінныя быць такімі ж, як з іншымі краінамі — з закрытымі межамі, з візамі, мытнямі — 4.9%
  • Аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву — 15,6%
  • Уваходжаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю ў якасьці субʼекта фэдэрацыі — 1,4%.

Пры гэтым у адказах на пытаньне аб выбары геапалітычнага шляху для Беларусі 54.5% выбралі саюз з Расеяй, 25% — далучэньне Беларусі да Эўразьвязу.

У апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні саюз выбралі прыкладна 55%, у апытаньні МГИМО — 57%.

Зь іншага боку, у апытаньні МГИМО за саюзніцкія ці партнэрскія адносіны выказаліся 89.4%, у апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні за саюзныя і асаблівыя стасункі, без візаў і мытняў і з адкрытымі межамі выказаліся 75.6+15.6+1.4=92.6%.

Прыкладна столькі ж, колькі ў апытаньні расейскіх сацыёлягаў.

У інтэрвію Свабодзе пра вынікі жнівеньскага апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні яе кіраўнік прафэсар Вардамацкі сказаў: «Ва Ўкраіне ў геапалітычным сэнсе мы бачым дзьве мэнтальна розныя краіны. У Беларусі гэта ня так. Рэгіянальныя адрозьненьні ёсьць, але яны не фундамэнтальныя». Гэта дакладна супадае з агульнай высновай сацыёлягаў МГИМО.

Таксама супадаюць і высновы наконт найбольшай дыстанцыі ад Расеі, якая ўласьцівая жыхарам сталіцы. «Сталіца зараз — у найменшай ступені прарасейскі рэгіён краіны» — канстатаваў Андрэй Вардамацкі.
Тое самае вынікае і з дасьледаваньня сацыёлягаў МГИМО, прычым па розных паказьніках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG