Камітэт судовай улады Кангрэсу ЗША запрасіў прэзыдэнта Дональда Трампа ці ягонага прадстаўніка ўзяць удзел у чарговых слуханьнях аб імпічмэнце 4 снежня.
Джэры Нэдлер, чалец апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі і старшыня камісіі, накіраваў Трампу запрашальны ліст.
Разам з тым прэзыдэнт не абавязаны прысутнічаць на пасяджэньні. Там маюць заслухаць экспэртаў-правазнаўцаў, якія павінны прааналізаваць канстытуцыйныя падставы імпічмэнту.
Трамп пакуль не адрэагаваў на запрашэньне Кангрэсу. Раней ён неаднаразова крытыкаваў расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту як перадузятае з боку дэмакратаў, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў.
У сераду прэзыдэнт пажартаваў пра імпічмэнт на традыцыйнай цырымоніі памілаваньня індычкі напярэдадні Дня падзякі. Выступаючы ў Ружавым садзе Белага дому, Трамп сказаў, што індычкі былі выхаваны такім чынам, каб захоўваць спакой «у любых умовах».
«Што вельмі важна, таму што яны [індычкі] ўжо атрымалі позвы, каб зьявіцца ў склепе Адама Шыф ў чацьвер», — сказаў прэзыдэнт ЗША, маючы на ўвазе старшыню Камітэту па выведцы Палаты прадстаўнікоў, які вёў размовы са сьведкамі ў рамках расьсьледаваньня аб імпічмэнце.
Перадача матэрыялаў у юрыдычны камітэт азначае, што расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту набліжаецца да завяршэньня. Юрыдычны камітэт павінен ацаніць сабраныя доказы. Калі ён палічыць, што Трамп заслугоўвае адхіленьня ад пасады, камітэт мае скласьці артыкулы імпічмэнту, якія потым будуць вынесены на галасаваньне Палаты прадстаўнікоў.
У ЗША ідзе расьсьледаваньне магчымасьці імпічмэнту Трампа на падставе абвінавачаньня яго ў ціску на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з мэтаю прычыніць шкоду свайму палітычнаму апанэнту Джо Байдэну.
Дэмакраты ў Кангрэсе разглядаюць гэта як злоўжываньне паўнамоцтвамі.
Трамп называе расьсьледаваньне «паляваньнем на вядзьмарак», спасылаючыся на стэнаграму сваёй размовы зь Зяленскім як доказ, што ён не парушыў ніякага закону. Рэспубліканцы падтрымліваюць прэзыдэнта.