Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уладкаваліся ў жыцьці былыя студэнты «апальнага» ўнівэрсытэту МІУ. Чатыры гісторыі


Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту падчас страйку 11 лістапада
Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту падчас страйку 11 лістапада

Працягваецца канфлікт паміж Менскім інавацыйным унівэрсытэтам і Міністэрствам адукацыі. Пакуль у ВНУ бастуюць студэнты, а Мінадукацыі не зьбіраецца працягваць акрэдытацыю гэтай ВНУ па шэрагу спэцыяльнасьцяў, Свабода распытала выпускнікоў пра іхную alma mater.

«Было добрае абсталяваньне»

Натальля скончыла МІУ ў 2013 годзе па спэцыяльнасьці «Дызайнэр». Цяпер працуе ў гэтай сфэры, робіць дызайн мэблі.

«Маёй спэцыяльнасьці ў МІУ ўжо няма, але калі я вучылася, там была добрая матэрыяльна-тэхнічная база, такога абсталяваньня ў дзяржаўных ВНУ не было. Вучоба каштавала таньней, чым на такой жа спэцыяльнасьці ў БДУ. Сябры зь іншых ВНУ зьдзіўляліся, што ў нас быў такі даволі жорсткі парадак: адлічалі за прагулы, за няздачу сэсіі. І такіх было нямала. Калі на працу ўладкоўвалася, ніхто не зьвяртаў увагі, што дыплём у мяне прыватнага ўнівэрсытэту», — кажа Натальля. І прыгадвае, што канфлікт вакол МІУ і Мінадукацыі быў і падчас яе вучобы.

«Нам яшчэ тады сказалі, каб шукалі магчымасьць перавесьціся ў іншыя ВНУ. Але неяк гэтае пытаньне ўладкавалася. У нас выкладалі таксама зь іншых ВНУ, як запрошаныя пэдагогі», — дадае Натальля.

Пасьля заканчэньня МІУ працу па спэцыяльнасьці яна знайшла адразу.

«У іншай ВНУ усё абшарпанае, а ў МІУ было шыкоўна»

Максім цяпер працуе ў Wargaming. На спэцыяльнасьць «Інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі» ў МІУ ён паступіў у 2011 годзе, адразу пасьля войска. Ён вучыўся на завочцы і адначасова працаваў. На сваю цяперашнюю працу ўладкаваўся, яшчэ калі навучаўся ў МІУ.

«Я здаваў тэставаньне ў БДУІР, там былі абшарпаныя парты і сьцены, а ў МІУ было шыкоўна ў параўнаньні з гэтым. Паступаць было нескладана, балы невысокія. Але ў нас палову патоку адлічылі ў першы год, бо людзі проста не хацелі вучыцца. Па выкладчыках было бачна, што сапраўды намагаюцца даць веды вучням», — кажа Максім.

«Мне падабаліся і выкладчыкі, і матэрыялы»

Аляксандра цяпер працуе трэнэрам у трэнажорнай залі, але ў 2013 годзе яна скончыла МІУ па спэцыяльнасьці «Псыхалёгія».

«На той момант мяне задавальняла вучоба, выкладчыкі, матэрыял, які давалі. Цяпер як там, я ня ведаю. Паступіць было нескладана, каб некага адлічалі, я таксама ня памятаю. Некаторыя самі сыходзілі ў акадэмічны адпачынак. Прагулы можна было аплаціць. Праўда, менавіта па спэцыяльнасьці я не працавала, пачала рабіць трэнэрскую карʼеру пасьля ўнівэрсытэту. Але адукацыя дапамагае знаходзіць агульную мову зь людзьмі», — кажа Аляксандра.

«Не давучыўся, бо вырашыў — не маё»

Юры вучыўся ў МІУ два гады, з 2010 па 2012. Але ўнівэрсытэт ня скончыў, знайшоў занятак па душы і паехаў вучыцца ў Ізраіль на шэф-кухара. Цяпер мае сваю справу па дастаўцы ежы. На ягоную думку, адукацыя ў гэтым дапамагае, бо вучыўся на факультэце эканомікі.

«Заўжды нейкія пэдагогі больш падабаюцца, нейкія менш. Я не магу параўнаць з выкладаньнем у іншых ВНУ, гэта будзе субʼектыўна. Але не было такога, каб быў нечым зусім незадаволены. Цяпер у мяне свая справа па дастаўцы ежы. Вучоба, канечне, дапамагае. Вышэйшая адукацыя вучыць дамаўляцца зь людзьмі, найперш», — кажа Юры.

Прахадныя балы

Сёлета ў МІУ набіралі на дзённае навучаньне па чатырох спэцыяльнасьцях. Прахадныя балы склаліся такія:

  • Сучасныя замежныя мовы — 213 з 400
  • Правазнаўства — 179 з 400
  • Транспартная лягістыка — 204 з 400
  • Праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій — 216 з 400

У дзяржаўныя ВНУ на платнае сёлета бралі і зь меншымі баламі. Напрыклад, на факультэт сацыякультурных камунікацый БДУ на «дызайн» на платнае можна было трапіць з 151 балам з 400 магчымых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG