На плятформе Ulej.by запусьцілі збор сродкаў на выданьне беларускага перакладу кнігі пра гісторыю картаграфаваньня зямель Вялікага Княства Літоўскага.
Кнігу «Kartografia Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku» напісаў Станіслаў Александровіч (1931–2015), былы прафэсар Торуньскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў, род якога паходзіць з Браслаўшчыны.
Станіслаў Александровіч, які памёр у 2015 годзе, спэцыялізаваўся на гісторыі Ўсходняй Эўропы XIV-XIX стст., гарадах і мястэчках Беларусі і картаграфіі. Яго кніга «Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага» стала бэстсэлерам і выдавалася ў Польшчы тройчы. Апошні раз у 2012 годзе.
Беларускі пераклад кнігі, які робіць гісторык Максім Макараў, колішні асьпірант Станіслава Александровіча, абапіраецца на апошняе выданьне працы прафэсара з 2012 годзе і будзе закончаны ў лютым 2020 году. Кніга Александровіча лічыцца клясычнай працай па картаграфіі ВКЛ.
«Станіслаў Александровіч стаяў на абароне посьпехаў вялікалітоўскай картаграфіі ад нападаў як з захаду, гэтак і з усходу. Гэта ён, у прыватнасьці, даказаў, што нясьвіскае выданьне Радзівілаўскай карты ВКЛ існавала — насуперак уплывовым польскім дасьледчыкам. Гэта ён выступіў з крытыкай высноў акадэміка Б. Рыбакова наконт першакрыніц „рускіх“ карт Масковіі», — анансуюць кнігу на плятформе Ulej.by.
У пачатку 90-ых Станіслаў Александровіч выкладаў у Менску. Быў чальцом Навуковай рады часопіса “Białoruskie Zeszyty Historyczne”. Артыкул пра яго род ёсьць у I томе Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі.
У беларускім выданьні, якое разьлічана на 344 старонкі, будзе зьмешчана 56 каляровых рэпрадукцый рэдкіх мапаў і плянаў з архіваў Польшчы, Літвы і Швэцыі.