Найбуйнейшая чэская няўрадавая арганізацыя «Чалавек у нядолі» (Člověk v tísni) занесеная ў расейскі сьпіс непажаданых арганізацый. Гэтае рашэньне было прынятае міністэрствам юстыцыі Расеі, пра яго прычыны не гаворыцца.
Падставай для ўвядзеньня забароны стаў закон «Аб мерах узьдзеяньня на асоб, якія маюць дачыненьне да парушэньняў асноўных правоў і свабодаў чалавека, правоў і свабодаў грамадзян Расейскай Фэдэрацыі».
Гісторыя няўрадавай арганізацыі «Чалавек у нядолі» бярэ пачатак у 1992 годзе, калі некалькі чэскіх журналістаў заснавалі інфармацыйнае агенцтва «Эпіцэнтар», каб празь яго пачаць ня толькі распавядаць пра ахвяраў збройнага канфлікту ў Нагорным Карабаху, але і дапамагаць ім. Паступова гэтая арганізацыя ператварылася ў фонд, які адкрыўся пры лібэральнай чэскай газэце Lidové noviny. У 1994 годзе фонд стаў незалежным, а ў 1999 была зарэгістраваная незалежная гуманітарная арганізацыя «Чалавек у нядолі».
Арганізацыя пачала весьці прыкметную дзейнасьць у Расеі падчас другой чачэнскай вайны. Тады яна была першай, хто арганізаваў харчовыя канвоі ў ахопленыя канфліктам раёны - пад кантролем расейскіх узброеных сілаў. У 2005 годзе Міністэрства юстыцыі Расеі прыпыніла ёй акрэдытацыю, абвінаваціўшы ў супрацоўніцтве з тэрарыстычнымі арганізацыямі, але вымушана было праз тры гады яе аднавіць, бо не змагло даць доказаў для абгрунтаваньня такога рашэньня.