Сэксуальнае рабства
Пагадзіцеся, гэты тэрмін ужываецца выключна ў дачыненьні да жанчын. Але ў жыцьці вельмі часта здараюцца сытуацыі, калі ў сэксуальную залежнасьць трапляюць мужчыны. Празьмерную прывязанасьць мужчыны да жанчыны рамантыкі называюць каханьнем. Сэксолягі — гарманальным расстройствам. Бабулькі з забабонамі — чарадзействам.
Інакш, як сурокамі, супрацоўнікі не маглі патлумачыць паводзінаў свайго дырэктара, які безадмоўна выконваў капрызы новай намесьніцы. З кіраўніка ён ператварыўся ў прыслугача. Адно тэлефанаваньне — кідаў работу, ляцеў па яе загаду, выконваў дробныя і буйныя даручэньні. Урэшце фірма абанкруцілася. Намесьніца зьнікла, нібы скрозь зямлю правалілася. Вядзьмарства расьсеялася. Дырэктар трапіў у псыхлякарню.
Аля Клемянок
***
Лягерны прывід
Піянэрскі лягер запомніўся гульнёй у карты. Хто прайграваў — выконваў заданьне. Выпала мне ўночы напалохаць выхавальніка.
Накінуў я прасьціну, думаю: «А калі раптам выхавальніка сустрэну, пакуль дайду? Ну, скажу, што баліць галава, таму іду да мэдсястры на першы паверх».
Разьвярнуўся насупраць расчыненых дзьвярэй выхавальніка, каб зьбегчы, ды як заенчу: «ААААААА!»
У самы гэты момант я амаль абамлеў. Нешта моцнае схапіла мяне. Я азірнуўся і ўбачыў велізарныя вылупленыя вочы на зарослым барадой твары.
— Ты што енчыш? — спалохана спыталі вочы з барадой.
— Мне галава баліць, — аўтаматам стрэліў я.
— Гэта я бачу… Крычыш ты чаго?
Ранкам піянэра-прывіда адлічылі зь летніка.
Rajf
***
Пераклад
Паэму Аляксея Пысiна «Кавылёк» мы з сябрам перакладалi гады тры. Некалькi разоў перараблялi, пакуль асьмеліліся паказаць аўтару.
— Чаго да мяне не зайшлi раней! — захваляваўся Пысiн. — Учора атрымаў пераклад ад вядомага паэта! — i, паглядзеўшы на нашы сумныя твары, дадаў:
— Пакiньце рукапiс. Пагляджу.
Наступная сустрэча с Пысiным адбылася праз год. Выпадкова.
— Бяжыце ў выдавецтва! У вашым перакладзе пойдзе! — былi першыя пачутыя ад яго словы.
У менскiм выдавецтве паглядзелi на нас, як на iншаплянэцянаў:
— Пысiн адмовiў вядомаму перакладчыку! Кнiжка ў Маскве выйшла б! А так у нас. На гэта здатны толькi Аляксей Пысiн!
Марат Баскiн
***
Бальшавікі
Бацька майго аднаклясьніка, дзядзька Кастусь, часьцяком ужываў у сваім лексыконе слова «бальшавікі». За гэта яго і самога называлі бальшавіком. У рабочым руху ні дзядзька, ні яго продкі ўдзелу ня бралі. У партыях-камсамолах таксама ня быў. Займаўся гаспадаркай і кавальскай справай.
Падзеі дзядзька ацэньваў праз сваю палітычную прызму. Аблатушыць моладзь вішню ў суседкі, ідучы з пагулянкі, — бальшавікі. Ліха праляцеў хто на матацыкле — бальшавік. Перабраў маладзён моцнага напою — удвая бальшавік. Нават калі мы зьбіраліся ў клюб ці яшчэ куды, дзядзька казаў: «Упярод, бальшавікі».
Неяк папытаўся ў дзядзькі, а хто такія бальшавікі ў яго разуменьні?
-Э-э, браце, лепей быць звычайным чалавекам.
Анатоль Гатоўчыц
***
Сыс
Дзесяць гадоў таму, вярнуўшыся з могілак ад Сыса, Міра Лукша і Ганна Кандрацюк начавалі ў нас зь Людмілай. Толькі заснулі, як у пакоі з гасьцямі нешта загрукатала. «Відаць, заплечнік Міры паваліўся», — сказаў я і заснуў зноў. Раніцай зайшлі да вандроўніц і ўбачылі рассыпаныя кніжкі, якія здаўна ляжалі стопкай каля шафы. Сярод кніжак бялелі паперы зь вершамі Людмілы. Я іх падняў і першым творам, які трапіў у рукі, быў верш «Памяці Анатоля Сыса». «Значыць, Сыс з Гарошкава прыехаў з вамі і ноччу падаў знак пра сябе, абрынуўшы стопку кніжак!» — сказаў я, і ўсе са мной згадзіліся.
Віктар Шніп
***
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org
«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.