На аўтарскіх сустрэчах з Элізабэт Асбрынк чытачы кажуць, што ў яе кнігах ня могуць пазнаць сваю краіну. Гэта ня тая добрая Швэцыя, якой захапляецца сьвет. Гэта краіна дыскрымінацыі, зайздросьнікаў, антысэмітаў і радзіма нэафашызму. Але ў Асбрынк ёсьць факты.
Калі беларусы пачынаюць пераглядаць старонкі гісторыі, якія ня робяць нам гонару, абавязкова знойдзецца нехта, хто скажа: «Не займайцеся самаедзтвам, пакуль нацыя слабая». Чытаючы Асбрынк прыходзіш да высновы, што швэдзкай нацыі ўжо нічога не пагражае.
Сучаснай «добрай Швэцыі» ўсяго 70 зь нечым гадоў
Кніга «60 словаў, якія стварылі народ» (арыгінальная назва Orden som formade Sverige) — гэта падарожжа па нечаканай Швэцыі. Празь вядомыя словы, зьявы і звароты Асбрынк паказвае швэдзкую гісторыю, мову і каштоўнасьці. І гэта далёка ня тое, да чаго мы прызвычаіліся. Чытача гэты вобраз адной з самых багатых і шчасьлівых краінаў сьвету можа шакаваць. Партрэт краіны Ліндгрэн, IKEA, ABBA аўтарка пераварочвае дагары нагамі.
Пікантнасьці кнізе дадае тое, што Элізабэт Асбрынк — дачка эмігрантаў. Яе мама брытанка, а тата вугорац. Гэта аўтарку ніяк ня стрымлівае. «Я тут нарадзілася і жыву ўсё жыцьцё. Я размаўляю без акцэнту. А яны заўсёды пытаюцца: адкуль я?» — піша Асбрынк. Але гэта самы бяскрыўдны папрок у бок швэдаў.
Аўтарка напісала больш за 400 старонак, каб паказаць, што сучасная «добрая Швэцыя», тая, якую мы ведаем, існуе ўсяго 70 зь нечым гадоў. Яна пачалася тады, калі швэды дапамаглі ўратаваць ад Галакосту дацкіх габрэяў. Дый тое гэта адбылося як наступства пачуцьця віны за супрацу з Гітлерам. Супраца з Гітлерам і швэды? Давайце па парадку.
«Зацятая нацыянальная зайздрасьць» — адна з шасьці прычын няшчасьця Швэцыі
«60 словаў, якія стварылі народ» пачынаюцца ад самай раньняй гісторыі. Дык якія швэды? Асбрынк іх не ацэньвае. Яна дае слова сучасьнікам кожнай з эпохаў. І проста кажа пра факты.
Беларусы, як мы ведаем са стэрэатыпаў, памяркоўныя. Пра галоўную рысу швэдзкага характару піша ў Сярэднявеччы каталіцкі арцыбіскуп Упсалы Ёханэс Магнус. Ён перакананы, што адной з шасьці прычын няшчасьця Швэцыі зьяўляецца «зацятая нацыянальная зайздрасьць».
Гэта не адзіная рыса. У выдадзенай у 1803 годзе энцыкляпэдыі для дзяцей самі швэды пішуць пра сябе: «Ганебная самазакаханасьць, зайздрасьць паміж клясамі, любоў да шыку, моцных напояў і чужых звычаяў, сталі рысамі нацыянальнага духа, якія толькі ўзмацняюцца».
У 1554 годзе ў Швэцыі выйшла вялікая хроніка каралёў. Там цалкам сур’ёзна казалася пра тое, што готы вырушылі са Скандыі, а паходжаньне роду Густава Вазы ідзе наўпрост ад унука прарока Ноя. Нібыта праз 80 гадоў пасьля патопу ён прыбыў у Швэцыю, і яму настолькі спадабалася багатая рыбамі і птушкамі зямля, што ён вырашыў там застацца, паклаўшы пачатак швэдзкай каралеўскай дынастыі.
Датчанін — хлусіць, брыдкасловіць, есьць сплесьнелы хлеб, п’е кепскае піва, а швэд ...
Нішто так не дапамагае ўзвышаць сябе, як крытыка іншых. За іншых у швэдаў заўсёды былі датчане. У швэдзкай хроніцы каралёў напісана, што датчане «не размаўляюць як людзі, а выпіхваюць словы, нібыта кашляючы». Датчанін — хлусіць, брыдкасловіць, есьць сплесьнелы хлеб, п’е кепскае піва. Антыпатыя паміж народамі скончылася бядой. У 1563 годзе пачалася сямігадовая паўночная вайна.
Крытыка датчанаў прыдалася швэдам і пазьней. На пачатку XX ст. швэдзкі статыстык Густаў Судбарг напісаў кнігу «Швэдзкі нацыянальны характар». Каб апісаць яго, ён пайшоў простай дарогай. Каб паказаць швэдзкае, ён апісаў дацкае як процілегасьць. Дзіўным чынам усе параўнаньні ў кнізе на карысьць швэдаў.
А як тады выглядала сама Швэцыя? Упс. Гэта можа быць балючым. У 1663 францускі падарожнік пісаў, што па дарозе з Парыжа, паміж Хэльсінгборгам і Стакгольмам ён не пабачыў аніводнага дому з каменя. За 10 дзён коннай паездкі ён не сустрэў людзей, і ня бачыў апрацаванай зямлі. Сьвежы хлеб, якім яго частавалі, трэба было разьбіваць малатком. Мясцовыя людзі, на яго думку, не цікавяцца культурай і мастацтвам, іх цікавіць толькі свая зброя. Француз піша, што швэды можа і хочуць падавацца культурнымі, але насамрэч яны «цывілізаваныя напалову».
Але ў Швэцыі не бракавала людзей, якія ратавалі землякоў ад комплексаў. Напрыклад Олаф Рудбэк, які адкрыў лімфатычную сыстэму чалавека, напісаў аповесьць пра тое, што Атлянтыда, якая некалі затанула — гэта і ёсьць Швэцыя. І што менавіта тут бярэ пачатак ўся навука і культура сьвету. Дзякуючы яму, слабая самаацэнка швэдаў пачынае зіхацець як фаервэрк.
Хто адказны за крызыс? Габрэі
Сучасная Швэцыя — гэта ўзор талерантнасьці. Але гістарычна гэта была другая краіна Эўропы, пасьля Гішпаніі, дзе не жадалі бачыць габрэяў. У XVII ст., калі яны здаўна жылі ў ВКЛ, у Швэцыю яны нават не маглі ўехаць. Швэды не жадалі бачыць «заядлых перасьледавальнікаў Хрыста». У 1661 годзе дзьве габрэйскія сям’і трапілі ў Стакагольм. А праз 24 гады кароль пастанавіў, што ніякіх габрэяў прымаць нельга. Ім далі 14 дзён, каб пакінуць Швэцыю. Была абвешчаная аблава на габрэяў.
Такое стаўленьне да габрэяў было ўсе наступныя 100 гадоў. Пасьля напалеонаўскіх войнаў, калі ў краіне пачаўся эканамічны крызыс, усю адказнасьць усклалі на габрэяў. Пры тым, што ў Стакгольме з 6000 тысяч дамоў габрэям належала толькі 18.
За гомасэксуалізм у Швэцыі каралі сьмерцю
Швэцыя стала апошняй краінай рэгіёну, якая дала жанчынам выбарчыя правы. Неспадзяванка, праўда?
Вы чулі, каб за гомасэксуалізм у ВКЛ каралі сьмерцю? У Швэцыі ў 1608 годзе такое правіла ўвайшло ў жыцьцё. І толькі ў 1778 годзе гэта спынілася. У 1864 годзе пакараньне за гомасэксуалізм было такім жа, як і за сэкс з жывёламі — два гады працаў.
Рэлігійныя свабоды? Права свабоднай практыкі іншай рэлігіі ў Швэцыі прынялі толькі ў 1779 годзе, калі ў мястэчках ВКЛ сынагога, касьцёл, царква, а часам і кірха зь мячэтам былі нормаю.
У швэдзкіх падручніках пішуць, што ад пачатку XIX ст. Швэцыя праводзіць палітыку нэўтральнасьці і няўдзелу. Звычайная хлусьня, піша Асбрынк. Швэдам часта ўдавалася выходзіць са складаных сытуацый, пускаючы пыл у вочы. Ужо ў палове XIX ст. Швэцыя парушыла ўласную палітыку нэўтральнасьці, калі кароль Карл XV урачыста паабяцаў Даніі абарону межаў ад прусаў. Датчане зрабілі пэўныя мілітарныя крокі, спадзеючыся на швэдаў. А швэдзкі кароль... адмовіўся ім дапамагаць. Датчане пацярпелі паразу.
Праз Швэцыю праяжджалі нямецкія цягнікі, якія везьлі ежу і зброю нямецкім жаўнерам
Але гэта толькі эпізод. Усе ведаюць, што падчас ІІ сусьветнай вайны швэды былі нэўтральныя і не ўступалі ў вайну. Тады якім чынам праз Швэцыю праяжджалі нямецкія цягнікі, якія везьлі ежу і зброю нямецкім жаўнерам у Нарвэгію? Швэды, піша Асбрынк, выканалі ўсе чаканьні немцаў без аніякага ціску, бо Гітлер нават і не зьбіраўся нападаць на Швэцыю.
Швэды пастаўлялі немцам намёты, печкі, дазвалялі лятаць праз сваю тэрыторыю кур’ерскім самалётам. Усю вайну немцы былі адным з галоўных гандлёвых партнэраў Швэцыі. Швэды ведалі пра тое, што рабілася ў 30-я гады ў Нямеччыне і гэта іх не паўстрымала.
Адкуль мы ведаем, што яны ведалі? Дык пра гэта адкрыта пісалі ў той час швэдзкія газэты, наклад якіх сягалі 200 тысяч асобнікаў.
«Нацысты дасягалі мэты дыктатурай, а сацыял-дэмакраты ў Швэцыі дэмакратыяй»
Беларусы спрачаюцца і камплексуюць, што іх дзяржаўнасьць у XX ст. зьвязаная з камуністамі? Швэдзкі сацыял-дэмакрат Артур Энгбэрг зрабіў школы ў краіне дзяржаўнымі, пачаў вучыць глуханямых за дзяржаўны кошт, увёў ангельскую як першую замежную мову ў школах. Ён стварыў аб’язны Швэдзкі нацыянальны тэатар. Гэта ён увёў правіла мастацкага аздабленьня ўсіх будынкаў грамадзкага карыстаньня. І менавіта Энгбэрг у 1921 годзе бараніў ідэю стварэньня дзяржаўнага Інстытуту біялёгіі і расы, бо лічыў расу вызначальнай рысай швэдзкай выключнасьці.
У Швэцыі быў адчынены першы такі інстытут у сьвеце. А праз год партыя прапанавала стэрылізацыю мэнтальна хворых. У 1935 яна ахоплівала яшчэ шырэйшыя слаі. Ад 1935 да 1975 года ў Швэцыі стэрылізавалі 62 888 чалавек.
Асбрынк цытуе гісторыка Альфа Ёхансана: «Няма рэчаў, якія б нацысты дасягнулі дыктатурай, а сацыял-дэмакраты ў Швэцыі не маглі б дасягнуць дэмакратыяй».
Як швэды вынішчалі гістарычныя цэнтры сваіх гарадоў
Швэды адкрытыя на навінкі? Тады паслухайце гісторыю нацыянальнага спорту швэдаў. Першапачаткова швэды нават і чуць не хацелі пра хакей, бо лічылі яго чыста амэрыканскім спортам. У газэтах былі цэлыя антыхакейныя кампаніі, маўляў, гэта прымітыўны спорт, а вось сапраўды швэдзкі спорт — хакей зь мячом. Дарэчы, гэта таксама лухта, бо ён — з Ангельшчыны.
Мы дакараем сябе, што беларусы не абаранілі ў таталітарным СССР гістарычныя цэнтры сваіх гарадоў? Дык швэды іх самі ж зьнішчалі ў цалкам дэмакратычныя часы.
Напрыканцы 60-х пачалося вынішчэньне гістарычных цэнтраў, каб пабудаваць на іх месцы новыя раёны і даць швэдам камфортныя кватэры. Нішчылі нават цэнтар Стакагольму. Там разбурылі 700 старых будынкаў. На месцы цяперашняга Stokholmes city былі раней старыя будынкі. У два разы больш зьнішчылі ў Гётэборгу. Нішчылі цэлыя старадаўнія кварталы, а на іх месцы будавалі паркінгі і супэрмаркеты.
І так 400 старонак. Элізабэт Асбрынак рабіла гэта не дзеля таго, каб патроліць швэдаў. Яна паказала, што нішто ня дадзена раз і назаўсёды. Што тая Швэцыя, якую ўсе любяць і якой захапляюцца, прадукт пасьляваеннага часу, перад якім пакаленьні швэдаў жылі ў далёкай ад ідэалу сыстэме. Аўтарка паказвае таксама, як усё гэта будавалася. Як рух будзіцеляў, рабочых, арганізацыі цьвярозасьці ўплывалі на разьвіцьцё мэнтальнасьці, заснаванай на самадысцыпліне, адукацыі, доўгатэрміновым плянаваньні і рацыянальных аргумэнтах. Швэды мянялі сьвет не праз рэвалюцыю, а дзякуючы развагам і розуму.
Асбрынк пакавае, які шлях да гэтага прайшоў народ, якія рабіў памылкі і што каб усё гэта захаваць, трэба штодзённа змагацца. І гэта робяць пазытыўныя героі, якія таксама ёсьць у кнізе. Але часам іх складана разледзець.
Яшчэ ні разу я не чытаў такой прыгожай і разумнай кніг пра нацыянальнае самаедзтва. Гэта не кніга для скандалу, хаця яна і была скандальнай. Паўсюль, кажучы пра швэдаў, аўтарка піша — мы, а не яны.
Гэта гісторыя пра гісторыю, сапраўдная, без упрыгожваньняў. Гісторыя, якая не дадасьць чытачу эўфарыі, але прымусіць задумацца, што тое, што мы сёньня маем, існуе не таму, што нехта націснуў чароўную кнопку. І што калі мы нечага ня маем, то ніхто гэтага ня зьменіць той самай чароўнай кнопкай. І што каб пачаць працу над сабой, трэба пагадзіцца на карыснае самаедзтва ці проста прызнаць, які ты ёсьць насамрэч.