Дранікі і бліны
Маці пякла дранікі. З вуліцы прыйшла суседава дачка 5-ці гадоў. Маці пачаставала яе. Бойкая дзяўчынка папрасіла дабаўкі. Пагуляўшы трохі, прыйшла зноў. Маці пытаецца: «Ну, як? Смачныя дранікі?»
— Ой, такія смачныя, што яшчэ хочацца!
Давялося зноў пачаставаць.
Тады маці ўспомніла сваё галоднае даваеннае дзяцінства. Яна прыйшла ў хату сваёй цёткі, трошкі скупаватай. Тая пякла бліны. Зь цяжкасьцю, бо яшчэ малая, узьлезла на ўслон, трохі пасядзела, агледзелася, убачыла, як цётчыны дзеці ўплятаюць блінцы, што ляжалі ў латушцы — глінянай місцы — адвярнулася да печы і, глытаючы сьліну, выдала: «Цётачка, мае вочы глядзяць на печ, а зубы — у латушку». Таксама пакармілі.
Валеры Палсьцюк
***
Чытаючы Яна Булгака
Пазнаю месцы свайго дзяцінства, незабыўныя ў красках, гуках, пахах, і надзвычайна прыгожыя далягляды роднай Наваградзкай зямлі. З мэмуараў пана Яна (ён веку майго дзеда) дазналася назву зьніклай мэліяраванай рэчкі, у якой амаль не ўтапілася калісьці.
Піша ён пра шляхетнае панства і простых сялян, пра дзьвюхмоўе таго часу. Як навучыўся па кнігах літаратурнай польскай мове, бо на вёсцы яго родныя зусім ня так гаварылі — на трасянцы польска-беларускай. Я ў маленстве размаўляла на трасянцы беларуска-польскай, з выразным вымаўленьнем на беларускі лад. Перавучвалася ў пачатковай школе на расейскую мову і саромелася таго, як размаўляюць мае родныя.
Мы адной краіны і адной крыві.
Ала Жак
***
Начны спадарожнік
Адкуль узяўся гэты сабака, мая сваячка не заўважыла. Праект парку мусілі здаць тэрмінова, яна заседзелася на працы за поўнач. Транспарт спыніўся, грошай мала, дахаты гадзіна пешкі. Цемра не палохала, але сустрэчныя мінакі змушалі сэрца сьціскацца — трапляліся п’яныя.
Сабака трусіў побач, і з самотнага жаночага сылюэту яна ператварылася ў гаспадыню гадаванца. Начны шпацыр, нічога асаблівага.
Спыталася: ён згубіўся ці жыве побач? Здавалася, яны даўнія знаёмцы.
Каля дому зайшла ў начную краму па ежу. Той чакаў на ганку, заматляў хвастом. «Даруй, табе я нічога не купіла. Бывай, я амаль дома».
Сабака прыціх і адышоў.
Ранкам яна прыгадала, што ўчора былі Дзяды.
Аляксандра Макавік
***
Венік
Дарослы кот жахліва баяўся сухога цьвёрдага веніка, нават калі той нерухома стаяў у кутку. Відавочна, у ката былі на тое свае прычыны. Вось і цяпер венік мірна стаяў на ганку, дзе яго пакінула гаспадыня, амаль побач, так здарылася, з кацінай міскай. А той сядзеў і здаля насьцярожана пазіраў то на міску, то на варожы прадмет.
Раптам на ганку зьявілася маленькае кацяня. Яму было сумна і яно шукала, з кім альбо з чым бы пагуляць. Кацяня штурхнула лапай венік, потым паваліла яго і стала качаць, кусаючы і бэрсаючы заднімі лапамі.
Як заварожана глядзеў на гэтае дзіва ўражаны кот!
Ала Майсяёнак
***
Las Vegas
У Беларусь я вяртаўся праз Польшчу, калі там не было яшчэ аўтастрадаў. Зьбіўшыся поцемкамі з маршруту, доўга блудзіў прасёлачнымі дарогамі, покуль мае GPS і Volkswagen Golf ня вынесьлі мяне выпадкова на зіхоткія агні Las Vegas Center, гасьцінічны комплекс уздоўж старога познаньскага тракту. Ушчэнт здарожаны, я змог нарэшце расслабіцца, выпіць піва, павячэраць і пераначаваць…
З тае пары штогод, на шляху туды і назад, я спыняюся ў польскім Лас-Вэгасе. Ён стаў для мяне мілевым каменем паміж чужынай і Радзімаю, паміж германскай і славянскай папуляцыямі, мяжой паміж пражытым і невядомасьцю… Апошнія дзесяць год я жыву ад Лас-Вэгасу да Лас-Вэгасу.
Васіль Баяронак
***
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org
«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.