Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не задзіраю нос, не-а!» Размова з украінскай рэп-зоркай Alyona Alyona


Год таму выхавацелька дзіцячага садку Алёна Саўраненка выклала на YouTube свой трэк «Рыбкі» — так на сучаснай рэп-сцэне зьявілася новая зорка Alyona Alyona, якая сьпявае не пра грошы і тачкі, а пра булінг і прыняцьце сябе. Свабода паразмаўляла са сьпявачкай напярэдадні першага менскага канцэрту.

«Рэп — гэта музыка падвалаў, наркотыкаў, і загадчыца ў садку ня можа чытаць рэп»

— Ты ўжо была ў Менску раней?

— Я ў Беларусі ўвогуле ніколі не была! Ніколі! Мне так цікава! А яшчэ ў мяне ў Менску будзе адзін дзень паглядзець Менск. Ужо нават зашмат ахвотных скласьці мне праграму (сьмяецца).

— Адразу скажы: як ты навучылася так чытаць?

— Мне здаецца, да гэтага ёсьць перадумова — артыкуляцыйны апарат. Калі табе дазваляе твой артыкуляцыйны апарат шмат гаварыць, хутка гаварыць, не запінацца... Я, напрыклад, зь дзяцінства яшчэ не шапялявіла, не вымаўляла літары скажона, я адразу пачала гаварыць літару «ры» — ну так, раней я казала «лы», але пасьля адразу «ры»! І гэта такая здольнасьць разьвіваць яго (артыкуляцыйны апарат. — РС) і паўтараць тое, што чула. Я намагалася паўтараць Eminem, ён хутка і шмат чытаў, я вучыла яго трэкі.

— Пра цябе кажуць «адкрыцьцё ўкраінскай хіп-хоп сцэны». Ты сама адкрылася ці цябе нехта адкрыў?

— Народ мяне адкрыў. Ну а як жа, пачакайце! Гэта ж яны глядзелі маё відэа, яны гэта камэнтавалі, яны гэта разьнесьлі як супэр нейкую навіну. А я проста апублікавала прыкольнае відэа, ржачнае, у купальніку (сьмяецца).

— Ты раней працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Калі ты вырашыла, што час звольніцца і заняцца толькі музыкай?

— Я звольнілася 1 сьнежня 2018-га, і рашэньне гэтае было выкліканае шэрагам прычын. Адной зь іх стала тое, што мне ўвесь час трэба было езьдзіць у Кіеў на рэпэтыцыі, рыхтаваць шоў — пачалі вельмі прасіць мой канцэрт даць, хоць у мяне было 3–4 трэкі. І атрымлівалася так, што 5 дзён на тыдзень я працую ў садку, і калі ў мяне выходныя, каб адпачыць, я павінна езьдзіць у Кіеў і рэпэтаваць. І я зразумела, што я пачынаю загінацца.

Другая прычына — тое, што я ўжо працавала загадчыцай садку ў маленькім сяле на 450 чалавек. І людзі не казалі мне ў вочы, але я адчувала і чула вельмі шмат, калі яны там набываюць хлеб у краме, выйшлі з крамы, сталі і размаўляюць пра мяне, пра тое, што рэп — гэта кепска, рэп — гэта музыка падвалаў, наркотыкаў, і загадчыца ў садку ня можа чытаць рэп. І для іх гэта было цяжка прыняць, яны людзі крыху старэйшага і старога пакаленьня, такога старога гарту.

І выйшла так, што паколькі яны ня кажуць мне гэтага ў вочы, а я ўсё роўна працягваю працаваць, яны накопяць у сабе гэтую нэгатыўную энэргію і потым пачнуць пісаць кляўзы, шукаць, як бы да мяне прычапіцца. І я не хацела распальваньня гэтых скандалаў у аддзеле адукацыі. Я не хацела ісьці зь імі на ражон, гэта занадта маленькае сяло. Навошта мне гэтыя нэрвы і каб дзеці гэта ўсё адчувалі?

І трэцяя прычына — гэта тое, што я разумею, што калі я буду працаваць у адным садку, я змагу працаваць толькі з гэтымі дзецьмі і даваць толькі ім. Але калі я ўсё ж такі стану працаваць артысткай, я змагу больш атрымліваць і больш аддаваць. І ня толькі гэтым дзецям, а ўжо дзецям іншым, якія яшчэ большую маюць патрэбу, дзецям, у якіх няма бацькоў. І я вельмі рада, таму што я ўжо шмат у якіх лягерах, у дзіцячых дамах пабывала, дапамагаю гэтым дзецям, і мне вельмі клясна. Я ежджу туды зь лекцыямі, з матывацыйнымі сустрэчамі, пра нешта распавядаю, гляджу дзіцячыя нумары, проста мы стасуемся, прыношу падаруначкі, разьвівальныя розныя штучкі — гэта істотна для мяне. І вучу іх, што трэба верыць у мару, трэба шмат працаваць, і гэта можа даць плён.

«Абы людзі былі шчасьлівыя і не забівалі іншых людзей»

— Да Alyona Alyona ты называла сябе Алькаіда — як зьявіўся такі правакацыйны псэўданім?

— Я спадзяюся, за гэтыя словы гэтае інтэрвію не заблякуюць! (Сьмяецца.) Я давала Зэ Інтэрвіюэру інтэрвію, я распавядала пра сваё старое альтэр-эга, і гэтае відэа на трэці дзень заблякаваў YouTube за прапаганду тэрарызму, таму што былі словы «Аль-Каіда», «тэрарызм» і «гармата» (сьмяецца).

Мне проста насамрэч пераклад гэтага слова вельмі моцна падабаецца — яно перакладаецца як база, аснова, фундамэнт для чагосьці такога рашучага, рушняковага. І калі мне было 18 год, я палічыла, што магу быць асновай, базай і фундамэнтам для жаночага рэпу ва Ўкраіне. І ты ўяві, якая я Ванга была! (Сьмяецца.)

Напэўна, я паставіла ў галаве сабе мэту: «Ну і што, што ўва ўсіх Алькаіда асацыюецца зь нечым іншым». І гэта было як падліваньне алею ў вагонь, я і так не такая зьнешне, яшчэ і — на табе! — псэўданім такі абрала! Я разумела, як ува ўсіх гэта будзе асацыявацца, а я буду ўсім казаць, што не! Што вось я поўны чалавек, але не, я такая, як усе! Мяне Алькаіда завуць, але не, я не зьбіраюся вас падрываць. А насамрэч мяне завуць Алёна, і мяне ўсе сябры пачалі называць Алька, Алька, і яно пайшло: «Ты Алькаіда!» — «О, давай, усё! Бомба! Алькаіда!».

— Рэп традыцыйна лічыцца ледзьве не жанчынаненавісьніцкім жанрам — наколькі гэта праўда пра сучасны ўкраінскі рэп?

— Калі б украінскага рэпу было занадта шмат ці тут была б супэрразьвітая нейкая сцэна, то, можа, і так. Але паколькі не, то большасьць выканаўцаў — яны і рады, калі нейкая дзяўчына пачынае чытаць (сьмяецца). Гэта такая рэдкасьць, такая раскоша.

— Ты першая вядомая дзяўчына-рэпэрка на ўкраінскай сцэне?

Калі моцна вядомая на Ўкраіне і менавіта цяпер, то, напэўна, так. Звычайна ў нас, калі дзяўчына нешта робіць, крыху робіцца вядомай, хутка знаходзіцца нейкі супэрпрыгожы хлопчык, за якога яна выходзіць замуж, нараджае дзяцей і сядзіць дома (сьмяецца). І больш ня піша нічога. Я вельмі рада, калі ўтвараецца новая ячэйка, сям’я, калі дзеткі зьяўляюцца — гэта добра, насамрэч. У кожнага сваё пакліканьне, я думаю так. Абы людзі былі шчасьлівыя і не забівалі іншых людзей.

«Хочацца і чымсьці душэўненькім падзяліцца»

— Бодыпазытывізм, тэмы прыняцьця сябе і абароны сябе ў тваіх трэках — гэта сьвядомы фэміністычны рух, рух за жаночае раўнапраўе?

— Ня ведаю, з чаго вы ўзялі? (Сьмяецца.) Проста я раблю харошы рэп. Я не кажу: «Пайшлі вон, мужыкі!», у мяне такога няма. Мне блізкія нейкія тэмы фэмінізму, але я не скажу, што ажно ўнікла, прачытала 100500 кніжак пра гэта і вырашыла, што — «так, я фэміністка! Далоў нераўнапраўе!». Канечне, мяне крыўдзіць, калі на аднолькавых пасадах пры аднолькавай выпрацоўцы ў жанчыны заробак меншы, чым у мужчыны, — гэта кепска, мне не падабаецца. Але сказаць, што я прасоўваю гэтыя думкі ў масы шляхам свайго рэпу — ну, як бы не. Дый трэба ж пісаць ня толькі пра сацыяльшчыну — хочацца і нечым душэўненькім падзяліцца.

— Ты атрымала нямецкую прэмію Anchor, цябе адзначыла New York Times, пахваліў Іван Дорн! Што гэта зьмяніла?

(Сьмяецца.) Ну, гэта прыемна вельмі моцна, вельмі-вельмі. Гэта значыць, што людзі, якія дасягнулі нейкага посьпеху, паслухалі маю музыку і адзначылі, што яна цікавая. Значыць, я рухаюся ў правільным кірунку — гэта першае. Узнагарода — значыць, яны паслухалі і зразумелі, што я той чалавек, які сёньня ніхто, але заўтра можа стаць некім. І мне вельмі прыемна, што ў мяне паверылі як украінцы, так і іншыя краіны, паверылі ў мяне — значыць, я не павінна іх падвесьці, значыць, павінна яшчэ больш працаваць, рабіць добрую музыку і мець свой message, і каб яго ўсе пачулі. Гэта прыемна. Але я не задзіраю нос, не-а!

— Ты сама прыдумляеш ідэі для кліпаў?

— Не, рэжысэр. Па-першае, я ня ўмею маляваць прыгожа, вось толькі ў садку там мішак, зайчыкаў, птушачак магу намаляваць. Я ўмею фатаграфаваць, але абсалютна не магу паставіць сюжэт для відэа, каб зьняць рух ці нейкі супэркруты кадар. Таму ўсё робяць рэжысэры.

Але я магу адстойваць кадры зь дзецьмі: «Я хачу, каб тут дзіця было! Твар дзіцяці!» (Сьмяецца.) Вось трэба мне дзяцей. І часам мяне адгаворваюць: «Алёна, ну гэта не актуальна, тут ані па сэнсе, ані куды». І я такая: «Ну ладна...» А іншым разам наадварот: «О, дакладна, дзіця ў відэа!» А так звычайна мне ўсё падабаецца. Бывае, прыходзяць ідэі вар’яцкія, небясьпечныя для жыцьця, але я такія ідэі не люблю, вядома ж, і прашу: «Давайце не скакаць з парашутам, гэта страшна!» І мы ня скачам (сьмяецца).

— А тэксты і біты сама?

— Біты — не, тэксты — так. Біты я бяру ў розных месцах, часам я супрацоўнічаю з Teejay, ёсьць так саўнд-прадусар круты, ён робіць добрыя рэпавыя біты, ён зрабіў мне палову альбома «Пушка». Ёсьць хлопцы, якія дасылаюць свае біты мне на мэйл і ў Telegram, і мне падабаецца зь імі супрацоўнічаць. Напрыклад, «Булінг» — гэта біт хлопцаў, якія проста даслалі мне пачку бітаў, я пераслухала ўсе, выбрала адзін.

А тэксты, вядома ж, сама. І не бяру чужых радкоў, і тэмы для трэкаў бяру з жыцьця, пішу тое, што адчуваю, як адчуваю.

— За які час ты пішаш песьню?

— Насамрэч, няхай гэта шмат каго зьдзіўляе, але я пішу вельмі хутка. Я пішу ад 40 хвілін песьню да дзьвюх гадзін. Звычайна я трачу гадзіну на першы куплет і прыпеў, я хаджу, думаю, напяваю, нешта выкрэсьліваю, перапісваю. А пасьля я выслухоўваю гэта ўсё, хаджу і разумею, ці варта гэта працягу, ці не? Калі варта, то я выдзяляю яшчэ гадзіну, сядаю і стараюся напісаць. Калі ня варта, то так яно і застаецца ў выглядзе аднаго куплета і прыпеву.

«У яго там „яблони цветут“, а ў мяне тут рыбкі за шклом, разумееш?»

— Ты бачыла кавэр на «Голови» па-беларуску?

— Так! Я бачыла, я рэпост зрабіла! Дзяўчынка зрабіла вельмі прыкольна. Мне настолькі прыкольна параўноўваць мову! Я ведаю свой тэкст на памяць, і я ўсё, кожнае слова пазнаю — нават калі ня ведаеш (беларускую мову. — РС), то можна зразумець, пра што. Недзе славянскія мовы перасякаюцца, гэта вельмі міла. Мне вельмі спадабалася! Я думаю запрасіць яе ў Менску на канцэрт, проста каб яна пабыла ў мяне на канцэрце, падарыць ёй квіток за тое, што яна так прыкольна зрабіла: сваё зьняла і данесла мой трэк на сваёй роднай мове.

— А слухаеш каго зь беларускіх выканаўцаў?

— Ня так даўно мы пазнаёміліся з Алегам ЛСП. Вельмі прыкольны хлопец. Я слухала ў свой час, ведаю, што ёсьць Murovei, рэпэр такі, ён мне вельмі падабаўся. «Ляпіс Трубяцкі», здаецца, зь Беларусі? Вось! Я таксама расла на гэтай музыцы. І мы таксама нядаўна перасекліся на адным канцэрце. Але мы не знаёміліся, неяк я не падышла, я засаромелася. Ён такі дарослы, я ня ведаю, слухае ён рэп ці не, што я яму раскажу? У яго там «яблони цветут», а ў мяне тут рыбкі за шклом, разумееш? (Сьмяецца.) Трэба падумаць, можа, я ня памятаю штосьці, што я слухаю, а можа, я ня ведаю, што гэта зь Беларусі. Не, ну Макс Корж, так, добра, дамовіліся! Мне тут падказваюць.

— Што ты параіш беларускім дзяўчатам, якія займаюцца хіп-хопам?

— Шмат працаваць, разьвіваць, пракачваць свой скіл. Рабіць якасна і не крывіць душою, пісаць праўду. Таму што калі ты хочаш пісаць нешта, каб уліцца ў нейкую кампанію хлопцаў — гэта няпраўда, гэта ня ты, і людзі адчуваюць, калі ты ім хлусіш, калі ты пішаш няпраўду. Крута быць сабой і пісаць штосьці такое, што блізкае людзям. Не пра невядома што, якое завуаляванае. Рэпэры вельмі шмат любяць вуаляваць, жах. Проста слухаеш і думаеш: божа, пра што гэта, што гэта? Быць больш дасяжнай. Быць для людзей, для ўсіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG