Карэспандэнтка Свабоды пагаварыла зь людзьмі розных пакаленьняў, якія прыйшлі на канцэрт расейскага гурту IC3PEAK. Летась менскія ўлады забаранілі іхні канцэрт, сёлета дазволілі. Але непаўналетнія павінны былі прыходзіць разам з бацькамі.
Абмежаваньне ўзросту на менскім канцэрце расейскага дуэту IC3PEAK — 18+. Для бацькоў непаўналетніх арганізатары зрабілі бясплатны ўваход.
«Некаторыя бацькі дзякавалі нам за такую магчымасьць. На гэты крок мы пайшлі праз праблемы, зьвязаныя з папярэдняй арганізацыяй канцэрту», — патлумачыў Свабодзе арганізатар канцэрту Антон Карпекін.
Моладзі падабаецца
Уваход у менскі клюб «Рэ:Паблік» на канцэрт толькі па пашпартах. «Хто ідзе? Хто застаецца? Яны [дзеці] усе ідуць, а вы застаяцеся?» — запытваюцца ахоўнікі ў бацькоў, якія прыйшлі разам зь дзецьмі на канцэрт.
Некаторыя бацькі проста «праводзяць» дзяцей на канцэрт і адразу сыходзяць.
«Я нават ня ведаю, што гэта за гурт. Я проста прывяла сваю 15-гадовую дачку на канцэрт. Яна, праўда, таксама гэты гурт ня слухала і ня слухае. Прыехаў яе хлопец з Італіі. І ён вельмі хацеў трапіць на гэты канцэрт», — кажа жанчына.
Дар’я, Дзьмітрый, іх дачка Ірына і сын Яўген прыйшлі на канцэрт усёй сям’ёй. Яны прыехалі ў менскі клюб з Жодзіна.
«Моладзі падабаецца, — кажа бацька Дзьмітрый. — Асобныя іх песьні я таксама слухаю. Мы прыяжджалі на мінулы канцэрт, але ня трапілі на яго. Прыехалі з Жодзіна і ня трапілі. Было крыўдна».
«Мы не заядлыя прыхільнікі, але падтрымліваем дачку, — дадае Дар’я, маці Ірыны. — Галоўны прыхільнік у нашай сям’і — Ірына».
«Вядома, бацькам песьні не адразу падабаліся, але потым яны прывыклі. А што рабіць?» — сьмяецца іх дачка Ірына.
Узроставы цэнз павінен пачынацца з 15 гадоў
16-гадовы Андрэй так хацеў трапіць на канцэрт, што ўгаварыў бацьку прыйсьці зь ім і ягонай дзяўчынай разам.
«Мой сын так хацеў сюды, — кажа Аляксей, бацька Андрэя. — Патрэбная была мая асабістая прысутнасьць. Я хацеў толькі правесьці сына, але на ўваходзе сказалі, што можна і самому зайсьці. Ну, раз можна, то я і зайшоў. Лічу сябе «састарэлым мэляманам«, але раней гэтага гурту ня чуў. Сын ужо пасьпеў пазнаёміць мяне зь іх творчасьцю.
Я лічу, што мой сын вельмі правільна разьвіваецца. У 16 гадоў я таксама маляваў вампіраў крывавых і іншае глупства. Так што зь дзіцем усё ў парадку. Пакуль не пачуў у музыцы таго пратэсту, які б успрымаўся мною як пратэст. Я лічу, што гэта добры прадукт у сваім фармаце для 16-гадовых. Таму ўзроставы цэнз наведвальнікаў падобных канцэртаў павінен пачынацца з 15 гадоў. 18 — гэта ўжо пазнавата.
Першы раз чую, што канцэрт забаранялі, таму без камэнтароў. Я паглядзеў пару іх кліпаў і не зразумеў, у чым пратэст. Што тут такога, каб пратэставаць? Да таго ж лічу, што ў гэтай мэдыяпрасторы любыя забароны ідуць толькі на карысьць тым, каго хочуць забараніць. Лепш выпусьці гэтую бурбалку: яна альбо садзьмецца сама сабой, альбо яна ператворыцца ў нешта большае. Таму ня выключана, што за забаронамі падобных зьяў стаяць самі зьявы».
Вельмі спэцыфічная музыка
Алеся і Васіль прыехалі на канцэрт з гарадзкога пасёлку Лельчыцы ў Гомельскім раёне. Разам зь імі — 16-гадовы сын.
«Ён мне не распавядаў пра гэты гурт. Я пра яго і ня ведала. Калі ўжо папрасіў купіць квіток, паслухала песьні. Мне спадабалася. Вырашыла, што трэба схадзіць разам», — кажа жанчына.
«Як па мне, дык вельмі спэцыфічная музыка», — дадае Васіль.
46-гадовы Аляксандар кажа, што прыйшоў на канцэрт дзеля сваёй 16-гадовай дачкі Аліны.
«Я пачала слухаць гэты гурт яшчэ месяцы за тры да агульнай шуміхі, — кажа Аліна. — Давала і маці паслухаць іх песьні. Дарэчы, маці яны вельмі спадабаліся. Але ў яе не атрымалася сёньня прыйсьці праз працу. Таму я вырашыла пасьвяціць тату ва ўсю гэтую справу. Тата сказаў, што трэба ў яе заглыбіцца. Але агулам ён ня супраць».
Што гэта за гурт і чаму яго выступы забаранялі
Расейскі электронны дуэт IC3PEAK — адзін з самых папулярных расейскіх гуртоў сярод моладзі.
У сваіх песьнях музыкі зьмешваюць старажытнарускую эстэтыку і грамадзка-палітычны кантэкст, займаюцца арт-акцыянізмам. IC3PEAK афіцыйна называюць сябе аўдыёвізуальным праектам, яны спалучаюць у сваёй творчасьці відэаарт і музыку.
Увосень 2018-га гурт стаў ахвярай восеньскай хвалі рэпрэсій супраць музыкаў у Расеі. Іх канцэрты забаранялі ў рэгіёнах Расеі. Пазьней гурт IC3PEAK трапіў у «чорны сьпіс» ФСБ Расеі.
Іх канцэрты спрабавалі сарваць у Казані і ў Ніжнім Ноўгарадзе. У Казані ім прыйшлося зьмяніць тры пляцоўкі. Мэр Пермі патрабаваў скасаваць канцэрт гурту, бо знайшоў у ягоных тэкстах «суіцыдальную скіраванасьць». Празь ціск сілавікоў уладальнікі канцэртных пляцовак скасоўвалі выступы гурту.
Раней сьцьвярджалася, што нямала беларускіх музыкаў былі ў нефармальных «чорных сьпісах». Канцэрты Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту Dzieciuki ды іншых забараняліся і зрываліся.
13 сьнежня расейскі электронны дуэт IC3PEAK даў у Менску падпольны канцэрт. За пару гадзін да заплянаванага выступу арганізатары паведамілі, што шоў у клюбе «Бруге» скасоўваецца — Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму адклікала выдадзенае раней гастрольнае пасьведчаньне.
Але каля 130 фанатаў, нягледзячы на адмену канцэрту, усё адно сабраліся каля клюбу, і музыкі далі падпольны канцэрт. Пасьля 30 хвілінаў выступу музыкам адключылі мікрафоны і папрасілі ўсіх пакінуць пляцоўку. Дуэт IC3PEAK сьпяваў і далей, і тады ахова прымусіла артыстаў пакінуць сцэну.