Зэльвенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту паведаміў пра выпадак жорсткага абыходжаньня зь дзецьмі.
Паводле запісу ў Telegram-канале ведамства, 18 кастрычніка каля 23.30 у міліцыю паступіла паведамленьне з установы аховы здароўя пра дзяўчынку 2015 году нараджэньня са шматлікімі пашкоджаньнямі і ў непрытомным стане.
Высьвемлена, што каля 20.00 18 кастрычніка бацька зьбіў дзяўчынку за тое, што яна яго не паслухалася. Мужчына стаў трэсьці дзіця, наносіў удары рукамі і нагамі. Затым некалькі разоў кінуў дачку на тахту, а таксама ў сьцяну, пасьля чаго дзіця страціла прытомнасьць. Спалохаўшыся, мужчына выклікаў хуткую дапамогу, да прыезду мэдыкаў сам спрабаваў прывесьці дачку ў прытомнасьць.
Вядома, што дзяўчынка зь сястрой, якая нарадзілася ў 2016 годзе, знаходзіліся пад апекай бацькі. Дзеці раней адбіраліся, бо знаходзіліся ў сацыяльна-небясьпечным становішчы, а ўвосень 2018 году былі вернутыя. Іх маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў.
Мужчына пражываў з сужыцелькай, у якой таксама ёсьць адно дзіця.
25-гадовы мужчына затрыманы. У дачыненьні да яго Зэльвенскім раённым аддзелам Сьледчага камітэту распачата крымінальная справа за замах на забойства заведама малалетняй асобы.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.