Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевачка ў аўто, замова на мове, прывід у калідоры. Падборка «100 словаў»


На пахаваньне

29 студзеня 1996 году ў Лягезах памёр мой дзядзька Ваня. Як толькі пачало віднець, я выйшаў на пахаваньне з Пугачоў. І чым далей адыходзіў ад дому, тым мацнела завіруха. Я мог ісьці па гасьцінцы, але, убачыўшы сьляды на цаліку, пайшоў напрасткі па сьлядах. Праз мэтраў дзьвесьце зьніклі сьляды і перада мной, і мае. І я стаў правальвацца ў сьнег вышэй калена. І так замарыўся, што ня змог ісьці далей. Лёг на сьнег. Успомніў Бога. І папрасіў дапамагчы ісьці. Устаў. І пайшоў не правальваючыся. Прайшоў мэтраў сто. І адразу праваліўся, калі пачаў сумнявацца, што мне дапамагае Бог…

Віктар Шніп

***

Я ж дзевачка

У вечаровым дарожным руху я заўважыла налепку на азадку круглага аўтамабільчыка: «Мне можна! Я ж дзевачка».

Пакуль мы стаялі на сьвятлафоры, я паспрабавала ўявіць кіроўцу. Цяперашнія дзяўчаты, з маіх назіраньняў, спакойна карыстаюцца ўсімі жаночымі прывілеямі, бязь лішніх дэклярацыяў. А там, дзе лепш быць разумнымі або моцнымі, яны не прыкідваюцца беднымі авечкамі. Гэта хутчэй прынцэсы, што ідуць на вайну, чым прынцэсы на гарошыне.

Мусіць, гэта аўтамабільная налепка для жанчыны складанага лёсу, зьедліва думала я, чакаючы зялёнага сьвятла.

Сьвятлафор зьмяніў колер, аўтамабілі рушылі, я зазірнула ў салён зьлева. За стырном элегантнай машыны сядзеў змрочны барадач.

Аляксандра Макавік

***

Правінцыя

Я выйшаў з гатэлю ў час, калі пасьля актыўнага дня ўсё паступова прыходзіць да супакою.

Сонца сядала, схаванае ад мяне спарудай савецкага часу. Бяз вокнаў і дзьвярэй, падобная на шэры цыліндар Менскай опэры, але з ружовымі, ня надта ахайна зафарбаванымі ўстаўкамі паміж доўгімі выступамі.

Было ціха. Недзе там, далёка, забрахаў сабака.

Зьнізу, на ўзгорках, былі раскіданыя прыватныя мураваныя хаты. Сярод старой забудовы асабліва вылучаліся сучасныя мадэрновыя катэджы. Розныя колеры дахаў глядзеліся крыху дзіўна, але так знаёма. Колькі разоў я бачыў гэта на ўзгорках Ваўкавыску, Слоніму ці Наваградку.

Я стаяў ля гатэлю «Suza», у дваццаці хвілінах ад цэнтру Браціславы.

Rajf

***

Замова

Суседчына дачка пакутавала на ячмень. Чым ні лячылі збалелыя вочы дзіцяці, а язвачкі выскоквалі на павеках адна за другой. Нехта параіў прачытаць спэцыяльную замову, жагнаючы хвігай вочы дзяўчынкі. Праз дзень хвароба сышла.

Словы замовы я запомніла і кожны раз, як нехта жаліўся на ячмень, выкарыстоўвала старажытны спосаб «лекаваньня». Як ні дзіўна — дапамагала. Стрыечная сястра ў Маскве чытала-чытала замову, ды не дапамагала яна яе мужу.

— А на якой мове чытаеш? — спытала ў яе падчас чарговага тэлефанаваньня.

— Вядома ж, па-руску.

— А ты чытай па-беларуску.

Праз тыдзень званю сястры, пытаюся пра стан мужа, а яны ўжо забыліся на той ячмень.

Ала Клемянок

***

Прывід у канцы калідора

У 60-70-х гадах мінулага стагодзьдзя вакол «Знамёнкі» («Знамя юности») у старым Доме друку акрамя сталых аўтараў таўкліся людзі, якія ў рэдакцыі не працавалі. Зьбіраліся ў калідоры, курылі, «травили» анэкдоты, спрачаліся аб літаратуры і палітыцы, ствараючы атмасфэру інтэлектуальнага дысыдэнцтва.

Амаль усе яны нешта пісалі, пілі ўсе…
Адным з іх быў В., празь недасягальную эрудыцыю і бязьлітасную крытыку якога прайшла ледзь не палова тагачаснай «Знамёнкі». Здаралася, заставаўся начаваць на падрапанай скураной канапе ў карэктуры. Аднойчы пайшоў сярод ночы ў белым споднім да прыбіральні.

— Привидение! — залямантаваў на другім канцы даўжэзнага калідора дзяжурны міліцыянт…

…Сёньня Дом друку выстаўлены на продаж. Разам з прывідамі.

Сяргей Ваганаў

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG