Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі паспрабуюць па-новаму фінансаваць дзіцячыя садкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову (PDF) «Аб апрабацыі нарматыўнага фінансаваньня ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Цягам наступнага году гэтая «апрабацыя» пройдзе ў некалькіх гарадах краіны.

Пад экспэрымэнт трапяць установы дашкольнай адукацыі ў Горадзенскай вобласьці, Салігорскім раёне, Баранавічах, Віцебску, Гомлі і Магілёве, Першамайскім раёне Менску.

У межах экспэрымэнту на дзіцячы садок будуць выдаткоўваць розныя аб’ёмы бюджэтных грошай у залежнасьці ад колькасьці дзяцей, часу навучаньня ды іншых характарыстык. «У межах сродкаў мясцовых бюджэтаў» таксама будзе ўлічвацца патрэба ў грошах на ўтрыманьне і набыцьцё маёмасьці, рамонт, камунальныя паслугі.

На 2020 год вызначаны «базавы нарматыў» па грошах на адно дзіця:

  • 2277,97 рубля на год на дзіцячыя садкі ў гарадах і пасёлках гарадзкога тыпу;
  • 2839,87 рубля на год — у сельскіх населеных пунктах.

А да гэтага ўводзяцца карэктавальныя каэфіцыенты. Напрыклад:

  • калі дзеці знаходзяцца ў садку ня 10,5, а 12 гадзінаў, базавы нарматыў памнажаецца на 1,144, а калі ўсе 24 гадзіны — на 1,441;
  • калі дзіця мае асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця і вучыцца ў спэцыяльнай групе, базавы каэфіцыент памнажаецца на 1,525, але калі вучыцца ў групе інтэграванага навучаньня — на 0,836 (то бок грошай будзе меней), а калі толькі наведвае карэкцыйна-пэдагагічны пункт — 0,21 (у пяць разоў меней);
  • каэфіцыенты ёсьць таксама для наведнікаў басэйнаў (0,042), санаторных групаў (0,153) і санаторных установаў (1,563), групаў кароткачасовага знаходжаньня (0,326) і вучняў першай клясы, якая базуецца ў дзіцячым садку (0,477);
  • для садкоў у сельскай мясцовасьці ўводзяцца невялікія папраўкі ў залежнасьці ад таго, у якой вобласьці ўстанова: дадуць крыху больш у Віцебскай (1,024), Горадзенскай (1,011) і Магілёўскай (1,006), у астатніх крыху менш — да 0,988 у Берасьцейскай.
  • у залежнасьці ад «шчыльнасьці» дзяцей у садку сума таксама будзе карэктавацца: калі ўстанова маленькая, то павялічвацца, а калі дзяцей у ёй шмат — зьмяншацца.

Мясцовыя саветы дэпутатаў маюць права павялічыць аб’ёмы фінансаваньня пры наяўнасьці крыніцаў кампэнсацыі выдаткаў.

Акрамя таго, у пастанове адзначаецца, што рэкамэндацыі па колькасьці работнікаў, якія вызначае Міністэрства адукацыі, для «экспэрымэнтальных» садкоў маюць толькі рэкамэндацыйны характар.

Адказныя за рэалізацыю і маніторынг экспэрымэнту — аблвыканкамы і Менгарвыканкам. Да 1 лютага 2021 году ўрад чакае справаздачы ад Міністэрства адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG