Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі: нельга здымаць на відэа настаўнікаў у ганебных абставінах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Калдубай расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ пра забарону мабільных тэлефонаў на ўроках у школах.

Паводле чыноўніка, з боку школьнікаў недапушчальныя «здымкі мабільным тэлефонам пэдагогаў або дзецьмі адзін аднаго ў нейкіх кампрамэтуючых абставінах, булінг з дапамогай мабільных тэлефонаў».

Калдубай сьцьвярджае, што Мінадукацыі канчаткова вызначылася з тэлефонамі ў школах яшчэ ў сакавіку — тады быў падпісаны ўказ пра ўнясеньне ва ўнутраныя правілы абмежаваньня выкарыстаньня мабільных тэлефонаў у адукацыйным працэсе.

Там, кажа ён, «гаворка не ішла пра забарону», але некаторыя ўстановы адукацыі праігнаравалі загад, таму цяпер міністэрства прапануе «адзіную мадэль абмежаваньня карыстаньня мабільнымі сродкамі ў адукацыйным працэсе». Аптымальным варыянтам бачаць такі, калі школьнікі здаюць тэлефоны пэдагогу ў адмысловыя ячэйкі (сваімі рукамі кладуць і забіраюць, каб на настаўніка ня клалася адказнасьць за драпіны).

Увага ўладаў да мабільных тэлефонаў у школах павялічылася пасьля здарэньня з «настаўніцай з партай», калі вучні гомельскай школы зьнялі відэа, як настаўніца мацюкаецца і пагражае школьніку, замахваючыся партай.

Але школьнікі і раней запісвалі розныя здарэньні ў беларускіх школах, напрыклад «загон» у БРСМ.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG