Грамадзянку Расеі Ганну Багачову, якая трапіла пад санкцыі ЗША ў справе аб умяшаньні ў амэрыканскія выбары, затрымалі ў Менску, паведаміла расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на ананімную крыніцу.
Паведамляецца, што гэта адбылося 13 кастрычніка каля 22 гадзін у адным зь менскіх гатэляў. «Зь ёй былі муж і маленькае дзіця — ехалі адпачываць», — расказаў суразмоўца агенцтва.
Ён таксама дадаў, што Багачова зьвязалася з консульствам Расеі ў Беларусі.
На афіцыйнай старонцы ў Міністэрства замежных спраў Расеі ў Твітэры зьвявілася паведамленьне: «Сытуацыя ў сувязі з затрыманьнем у Менску праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай знаходзіцца ва ўвазе консульскага аддзелу Пасольства Расеі ў РБ, супрацоўнікі якога аказваюць ёй прадугледжаную ў такіх выпадках консульскую падтрымку».
Чалец Грамадзкай палаты Расеі і прэзыдэнт Фонду абароны нацыянальных каштоўнасьцяў Аляксандар Малькевіч пацьвердзіў «Інтэрфаксу» затрыманьне расейкі Ганны Багачовай у Беларусі, ён знаходзіцца на сувязі зь ейным мужам.
«Я чакаю празь нейкі час сэанс сувязі з мужам, які знаходзіцца там. Ягоны статус пакуль невядомы, вядома, што яна паехала туды з мужам і дзіцем, яна затрыманая», — сказаў Малькевіч.
Ён удакладніў, што ў бліжэйшы час будзе вырашацца пытаньне з затрыманьнем расейкі. Паводле яго, «гэта абуральная сытуацыя».
Афіцыйны КДБ Беларусі Андрэй Яраш у камэнтары «Інтэрфаксу» заявіў, што «ня мае інфармацыі аб затрыманьні гэтай грамадзянкі».
На момант выхаду публікацыі Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтары ў міністэрствах замежных спраў і ўнутраных спраў Беларусі, і Інтэрполе.
Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера.
Хто такая Ганна Багачова
Як высьветліла расейская служба Радыё Свабода, Ганна Багачова добра вядомая ў колах расейскіх нацыяналістаў як «Анна Тригга». Яна была актывісткай арганізацыі «Русский образ», уваходзіла ў «групу падтрымкі» Ільлі Гарачава на судзе па справе «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» (Борн), па выніках якога Гарачаў атрымаў пажыцьцёвы тэрмін за арганізацыю некалькіх забойстваў.
Таксама паведамляецца, што яна была знаёмая з Марыяй Буцінай, якая таксама трапіла ў поле зроку ФБР падчас расьсьледаваньня справы аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары і пасьля пагадненьня са следзтвам была асуджаная ў ЗША да аднаго з паловай гадоў пазбаўленьня волі за дзейнасьць у якасьці незарегістраванага агента замежнага ўраду.
Вядома, што ў 2011 годзе Ганна Багачова выступала на моладзевым форуме ў Беларусі зь лекцыяй «пра інфармацыйную бясьпеку і сацыяльныя сеткі». Яна фігуруе на фота ў Інстаграме былога актывіста арганізацыі «Русский образ» Яўгена Валяева.
На іншым фота, апублікаваным тэлеграм-каналам «Белорусский порядок», разам з Валеевым і Багачовай ёсьць і Сяргей Лушч — цяперашні кіраўнік зарэгістраванага ў Беларусі грамадзкага аб’яднаньня «Русь молодая».
Гэта створаная ў 2005 годзе праўрадавая расейская моладзевая арганізацыя, якая сваёй ідэалёгіяй называе «грамадзянскі нацыяналізм».
Сяргей Лушч адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра Багачову, сказаўшы, што знаходзіцца ў камандзіроўцы.