Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў папросяць аплаціць дэзактывацыю Астравецкай АЭС

абноўлена

Беларуская АЭС у Астраўцы, жнівень 2019 году
Беларуская АЭС у Астраўцы, жнівень 2019 году

Расходы на вывад Беларускай АЭС з эксплюатацыі ўключаць у тарыфы на электраэнэргію. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на чыноўніка Міністэрства энэргетыкі Васіля Палюховіча.

Пра што гаворка?

Вывад АЭС з эксплюатацыі — комплекснае мерапрыемства, якое ўключае ў сябе паступовыя дзеяньні ад спыненьня энэргаблёкаў да дэмантажу іх канструкцый.

Паводле патрабаваньняў МАГАТЭ і беларускага заканадаўства, сцэнар прыпыненьня АЭС мусіць распрацоўвацца падчас яе эксплюатацыі. Грошы на вывад Беларускай АЭС з эксплюатацыі мусяць загадзьдзя пералічвацца ў адмысловы фонд, гэта прапісана ў законе «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі». Паводле Палюховіча гэты фонд яшчэ ствараецца.

Колькі прыйдзецца плаціць?

Дакладныя тарыфы, па якім будуць плаціць беларусы, назавуць пасьля завяршэньня будоўлі, «калі будуць зразумелыя выдаткі», сказаў генэральны дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў.

«Трэба дабудаваць станцыю, мы будзем ведаць наш складнік капітальных укладаньняў — яны разьмяркуюцца ў выглядзе амартызацыі па гадам. Калі мы скончым будоўлю, падвядзем рысу, колькі каштавалі будаўніча-мантажныя працы, пусканаладачныя, тады адпаведныя структуры разьлічаць тарыфы і прадставяць», — сказаў Філімонаў.

Колькі каштуе спыніць АЭС?

Паводле прыблізных ацэнак вучоных інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», агульныя выдаткі на вывад з эксплюатацыі і дэмантаж аднаго ядзернага энэргаблёку могуць складаць 20-30% ад будаўніцтва новага супастаўляльнага абʼекту.

Кошт будаўніцтва Беларускай АЭС увесь час павялічваецца і дасягае па розных ацэнках 9-11 мільярды даляраў.

Паводле дадзеных Delfi на красавік 2019 году, спыненьне Ігналінскай АЭС у Літве агулам будзе каштаваць 3,3 мільярды эўра. Больш 80% гэтых выдаткаў фінансуе Эўразьвяз.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG