Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бітва за ўраджай ды іншае. Тыднёвая падборка «100 словаў»


Пітэр Брэйгель Старэйшы «Жніво» (1565)
Пітэр Брэйгель Старэйшы «Жніво» (1565)

Буракі і моркаўка

У трынаццаць я захацеў незалежнасьці ад бацькоў. Хаця ня ведаў такога слова, як незалежнасьць. Мне проста карцела мець усё сваё. Пачаў з буракоў і моркаўкі. Вясной пасадзіў каля хаты градку. Даглядаў, як гэта робяць бацькі. Восеньню сабраў ураджай. Бацькі бульбу і буракі ссыпалі ў яму, што была на пагорку непадалёку ад сотак. Ну і я выкапаў яму каля сьцяны роднай хаты. Каб мышы зімой ня елі мой ураджай, у яму наклаў рубэройду і падпаліў. Агонь тут жа пачаў лізаць сьцяну хаты. І якраз у гэты час ішла побач суседка. Яна і выратавала вёску ад пажару.

Віктар Шніп

***

Заклад

Заклад адбыўся ў 1958-м, у першую студэнцкую восень, на так званай «бульбе».

Коля пасьля флёту хадзіў у марацкім бушлаце.

Зь перавагі бушлата над акулярамі і нарадзілася зьедлівая Колева насьмешка: «Бач ты, знайшоў дзе рукі грэць… Кусіць…»

Грэць рукі ў пахвіне каня навучыў мяне ў дзяцінстве Мацей. «Не страшыся, — гаварыў, — тут цяплейшае месца…»

Урэшце пабіліся аб заклад: хто хутчэй даімчыць вярхом да стайні… Коля нязграбна ўзьлез на гнядога. Мне дастаўся белы.

Як паімчаў! Якую я адчуў забытую асалоду! Але раптам раскруціліся лейцы…

Разьбітыя акуляры адшукаў Коля.

А белы мой конь нават не спыніўся, паімчаў у далячынь…

Сяргей Ваганаў

***

Палёгка

Мой дзядзька Ігнат на камбайне намалаціў быў больш за ўсіх у раёне, потым у вобласьці і рэспубліцы. Худы, чорны ад сонца, гарачыні і пылу, ён паўдня працаваў, паўдня рамантаваў камбайн, потым зноў касіў і малаціў да поўначы, і цьвёрда ішоў на першае месца.

А за яго давалі «Жыгулі», якія ў 1980-я было не купіць. Калі сьпіс пераможцаў занесьлі да начальства, дзядзьку апусьцілі на другое месца: ён быў беспартыйны і яму прыслалі матацыкл «Мінск».

Я сеў на яго і адразу ўехаў у плот. Дзядзька адрамантаваў і матацыкл, і плот, драпіны самі зажылі, а калі б «Жыгулі» разьбіў, вось бы клопату было…

Аляксандар Лукашук

***

Дэзактывацыя мовай

П’еса маладога драматурга Дз. Багаслаўскага «Дзеўкі» шакавала мяне, як загадчыка літчасткай тэатру, ненарматыўнай лексыкай і вульгарызмамі. Мой эстэтычны густ катэгарычна не прымаў мацюкаў і грубых выказваньняў, што павінны былі гучаць са сцэны сьвятая-сьвятых — драматычнага тэатру, які для мяне — храм культуры.

Аднак мастацкі кіраўнік, шматразовы ляўрэат дзяржпрэмій, ігнараваў іншую думку і настойліва прасоўваў сваю ідэю з дапамогай маладога рэжысэра, выпускніка маскоўскай прэстыжнай вну мастацтва. Спэктакль быў пастаўлены абласным драмтэатрам. Праўда, з папраўкай. Ён ішоў на беларускай мове, а пераклад зрабіў мой віцебскі калега Алесь Замкоўскі. Дзіўным чынам п’еса ачысьцілася ад мацюкоў, а самым рэзкім стала слова «шалава».

Ала Клемянок

***

У кожнага асабістая параноя

Спэктар праяў нічым ды нікім, дзякуй Богу, не абмяжоўваецца. Тут ужо як пашчасьціць: ацэняць іх іншыя ці застануцца яны выключна ўласным здабыткам.

Валодзя ніколі не гаворыць па-беларуску, калі мае непрэзэнтабэльны выгляд. А здараецца тое звычайна на наступны дзень пасьля празьмернага ўжываньня моцных алькагольных напояў. Хочацца спадзявацца, што ніхто не кіруецца адваротнай лёгікай: не пераходзіць на мову толькі тады, калі знаходзіцца ў самым непрывабным стане.

Заклееную скотчам відэакамэру ноўтбука Віталь растлумачыў неспадзявана патрыятычна: каб не было перад амэрыканцамі сорамна за краіну!

Генадзь усё дзяцінства прахадзіў у танкісцкім шлемафоне, не вымаючы радыёнавушнікі. Ад каго і якую каманду ён марыў атрымаць?

Сяргей Пляскач

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG